Камандуючы сухапутнымі сіламі ЗША ў Еўропе, генерал-лейтэнант Бэн Ходжэс папярэджвае, што расійскія вайсковыя магутнасці ў Калінінградскай вобласці і так званы Сувальскі калідор у Польшчы могуць перашкаджаць абараназдольнасці Балтыйскіх краін.

У канцы мінулага тыдня на сустрэчы з амерыканскімі вайскоўцамі ў Літве Б.Ходжэс заявіў, што ў Калінінградскай вобласці дыслакаваныя дзве брыгады сухапутных сіл РФ, адна брыгада ВМФ, дзве базы ВПС і частка Балтыйскага флота. 

«У Калінінградскай вобласці зараз ёсць магчымасць не дазволіць нашаму вайсковаму флоту і ніякаму флоту НАТА трапіць у Балтыйскае мора, — сказаў Б. Ходжэс. — З Калінінградскай вобласці яны могуць спыніць любога, хто паспрабуе трапіць у Балтыйскае мора. А ў нас тут тры саюзнікі — Латвія, Літва і Эстонія».

Амерыканскі афіцэр дадаў, што магчымасць Расіі блакаваць выхад у Балтыйскае мора з'яўляецца «сур'ёзнай пагрозай для нашых саюзнікаў і сяброў».

Ходжэс таксама распавёў амерыканцам пра тэрыторыю на паўночным усходзе Польшчы, якая мяжуе на поўначы з Калінінградскай вобласцю, а на ўсходзе — з Беларуссю. «Гэтую зону мы называем Сувалкскі пралом», — сказаў камандуючы сухапутнымі сіламі ЗША ў Еўропе.

«За вельмі кароткі час [беларускія і расійскія вайскоўцы] могуць злучыцца і заблакаваць літоўска-польскую мяжу. І ізаляваць тым самым трох саюзнікаў НАТА ад Альянсу», — сказаў Б. Ходжэс.

Менавіта таму, як ён сцвярджае, ЗША і ўвесь НАТА павінен стрымліваць Расію ад нападу на Балтыйскія краіны. «Вызваленне нашых саюзнікаў каштуе даражэй, чым стрымліванне», — акцэнтаваў генерал.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?