Намеснік старшыні праўлення «Газпрамбанка» Андрэй Акімаў пацвердзіў Reuters інфармацыю пра тое, што кіраўнік фонду «Інапрактыка» Кацярына Ціханава — дачка прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.

Ён распавёў, што сустракаў Кацярыну, калі тая была яшчэ маленькай.

Ройтэрз апублікавала вялікае расследаванне пра дачок Пуціна, іх нечаканыя капіталы і амбіцыі.

Паводле інфармацыі агенцтва, 29-гадовая Ціханава казала пра тое, што яе мужам з'яўляецца акцыянер ААТ «СІБУР Холдынг» Кірыл Шамалаў, сын Мікалая Шамалава, «старога знаёмага Пуціна па Санкт-Пецярбургу». Шамалаў-малодшы з 2004 года стаў саўладальнікам банка «Расія», які патрапіў ў 2014 годзе пад санкцыі, паколькі яго асноўным акцыянерам з'яўляецца Юрый Кавальчук. Цяпер Шамалаву 33 гады.

Маладая пара валодае сумай каля двух мільярдаў даляраў, паводле ацэнак фінансавых аналітыкаў. У асноўным гэта акцыі, набытыя ў яшчэ аднаго «сябра Пуціна» Генадзя Цімчанкі. Цімчанка — уладальнік прыватнай інвестыцыйнай групы Volga Group, якая спецыялізуецца на інвестыцыях у энергетычныя, транспартныя і інфраструктурныя актывы.

Кірыл Шамалаў. Фота 2014 года з газеты «Коммерсант».

Кірыл Шамалаў. Фота 2014 года з газеты «Коммерсант».

Ціханава і Шамалаў маюць вілу ў Біярыцы на паўднёва-заходнім узбярэжжы Францыі, якая каштуе каля 3,7 млн даляраў, і гэтую нерухомасць Шамалаў таксама купіў у Цімчанкі, піша агенцтва.

Віла дачкі Пуціна і яе мужа ў Францыі.

Віла дачкі Пуціна і яе мужа ў Францыі.

У першым і пакуль адзіным інтэрв'ю Ціханава пацвердзіла, што займае пасаду намесніка прарэктара МДУ. Сярод яе дарадцаў — пяць членаў ўнутранага кола Пуціна, у тым ліку два былых афіцэры КДБ, якія ведалі яе, калі яна была яшчэ малой. Яны служылі разам з Пуціным у ГДР у 1980-х гадах.

Старэйшая дачка Пуціна, Марыя, таксама звязаная з Маскоўскім універсітэтам. Яна скончыла факультэт фундаментальнай медыцыны і робіць кар'еру як эндакрынолаг. У 2013 годзе галандскае выданне De Telegraaf пісала, што Марыя Пуціна жыве ў Нідэрландах са сваім бойфрэндам — мясцовым жыхаром.

Кацярына, Марыя і Кірыл Шамалаў ўсе адмовіліся каментаваць гэты артыкул. Прадстаўнікі Цімчанкі таксама адмовіліся даваць каментары па гэтым пытанні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0