Суд Кобрынскага раёна 10 лістапада вынес прыгавор па крымінальнай справе аб гібелі сямігадовай дзяўчынкі ў кобрынскім аквапарку. 

Як паведаміла старшы памочнік пракурора Кобрынскага раёна Марына Свістуновіч, якая падтрымлівала дзяржаўнае абвінавачванне па справе, суд прызнаў 41-гадовую настаўніцу Завершскай базавай школы Драгічынскага раёна і 39-гадовую былую настаўніцу гэтай школы вінаватымі ў неналежным выкананні абавязкаў па забеспячэнні бяспекі жыцця і здароўя малалетняга, асобамі, якія выконваюць гэтыя абавязкі па спецыяльным даручэнні і якія добраахвотна ўзялі на сябе такія абавязкі, што пацягнула па неасцярожнасці смерць малалетняга, пры адсутнасці прыкмет службовага злачынства (ч. 2 арт. 165 КК). 

Кожная з жанчын прысуджаная да трох гадоў і шасці месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу са штрафам у памеры 100 базавых велічынь (18 млн рублёў). 

Паводле прыгавору суда яны таксама пазбаўленыя права займаць пасады настаўніка і выхавальніка ва ўстановах адукацыі тэрмінам на пяць гадоў. 

За бацькамі загінулага малалетняга дзіцяці прызнана права на пакрыццё матэрыяльнай кампенсацыі маральнага ўрону. 

Падчас судовага пасяджэння ўстаноўлена, што 12 чэрвеня абвінавачваныя суправаджалі групу з 20 малалетніх дзяцей у экскурсійнай паездцы з вёскі Заверша ў Кобрын, адным з месцаў наведвання быў мясцовы аквапарк. Супрацоўнікі аквапарку правялі адпаведны інструктаж з педагогамі. Нягледзячы на тое што настаўнікі ведалі пра абавязак сачыць за дзецьмі, яны гэтага не рабілі. 

Сямігадовую вучаніцу Завершскай базавай школы, якая не ўмела плаваць, дастаў з вады наведвальнік аквапарку. Дзяўчынка была знойдзена ім у глыбокай частцы басейна, дзе не павінна была знаходзіцца, пра што педагогі былі праінструктаваныя. 

Пацярпелая была ў стане клінічнай смерці ў выніку ўтаплення. Дзяўчынку спачатку даставілі ў Кобрынскую цэнтральную раённую бальніцу, затым у Брэсцкую дзіцячую абласную бальніцу, дзе 26 чэрвеня ў рэанімацыйным аддзяленні, не прыходзячы ў прытомнасць, яна памерла. 

Прыгавор яшчэ не набыў законную моц і можа быць абскарджаны. 

На момант вынясення прыгавору 39-гадовая настаўніца са школы ўжо звольнілася. 

Абвінавачваныя сваю віну прызналі і чыстасардэчна раскаяліся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?