Віктар Зубкоў |
Расія заклікае Вашынгтон перагледзець «сваю лінію ў адносінах да Беларусі і яе камэрцыйных структур». Пра гэта заявіў прэм’ер‑міністар Расійскай Фэдэрацыі Віктар Зубкоў у Менску.
Прэм’ер падкрэсьліў, што Расія лічыць увядзеньне санкцый супраць «Белнафтахіму» «палітызаваным крокам».
«Замест выстройваньня дыялёгу і адмены абмежавальных мераў Вашынгтон у сваіх інтарэсах спрабуе аказаць ціск на Беларусь. І гэта адбываецца на фоне пазытыўных крокаў з боку беларускага кіраўніцтва, у тым ліку пры паступовым правядзеньні рынкавых рэформаў», — сказаў В. Зубкоў.
Са свайго боку кіраўнік беларускага ўраду Сяргей Сідорскі падкрэсліў, што Беларусь «не імкнецца да эскаляцыі напружанасьці з ЗША і згортваньня дыпляматычных адносінаў». Паводле словаў С. Сідорскага, «беларускі бок робіць захады па рашэньні гэтай праблемы».
Кіраўнік расейскага ўраду Віктар Зубкоў прыляцеў у Менск у пятніцу для ўдзелу ў паседжаньні Савету Міністраў саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі.
Праграма візыту прадугледжвае сустрэчу двух прэм’ераў. На ёй пойдзе гаворка пра цэны на газ, які Беларусь атрымлівае з Расеі. 119 даляраў за тысячу кубоў — гэта цана, устаноўленая толькі на першы квартал гэтага году.
Візыт пачаўся з сустрэчы Зубкова з А. Лукашэнкам.
«Я хацеў бы распавесьці вам пра праблемы, наяўныя ў нашым замежным гандлі, асабліва ў сувязі з пазыцыяй кіраўніцтва ЗША, – сказаў Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы. — Тым ня менш, эканамічнае становішча ў Беларусі абсалютна нармальнае, наш таваразварот дынамічна расьце, і ён дывэрсыфікаваны – то бок, пасьпяхова разьвіваюцца гандлёвыя адносіны як з Расіяй, так і з ЭС і іншымі краінамі», – заявіў ён.