У Беларусі часта наракаюць на «гістарычнае бяспамяцтва». Вось, маўляў, адзін з каранёў беларускае бяды — не памятаем сваіх «каранёў». І радаводу «да пятага калена».
Думаў так і я. Пакуль не трапілася мне сутыкнуцца з народамі мусульманскага Усходу: бахціярамі ў Іране, белуджамі іранапакістанаафганскага ўзмежжа, узбекамі Оша, хазарэйцамі Афганістана.
Калі маеш справу з людзьмі больш-менш працяглы час, дык раней ці пазней сутыкаешся з іх уяўленнямі пра смерць і памяццю пра мінулыя пакаленні.
Дык вось, возьмем тых самых бахціяраў — ваяўнічае лурскае племя, што жыве непадалёк ад іранскага Ісфахана. Ніякіх дзён, адмыслова прызначаных для наведвання могілак, у іх няма. Могілкі наведваюць адразу пасля смерці — 40 дзён, напрыклад, а пасля вельмі рэдка.
Аргументы пра качавыя і аседлыя народы не прымаю, бо ошскія ўзбекі — фактычна былыя сарты — якраз месцічы. Дый бахціяры ў большасці сваёй даўно аселі.
Іншы момант. Нават у сям'і, прыналежнай да адгалінавання бахціярскіх ханаў, амаль ніхто не ведае магілаў прадзедаў і далёка не кожны ведае дарогу да магілаў дзядоў. Дадам, што гэтыя самыя людзі з гонарам распавядаюць пра сваю прыналежнасць да тамтэйшай знаці, дэманструюць старасвецкія ўборы, паказваюць дамы і землі, дзе робяць іх колішнія парабкі. Паказваюць з крыўдай, бо таксама рэвалюцыя абскубла: спачатку шахская «Белая рэвалюцыя», пасля Ісламская. Але, маўляў, яны ўсё памятаюць.
Што тут сказаць: што ў беларусаў два дні на год адведзеныя нябожчыкам? Што мая так бы мовіць extended family, як у нас кажуць, «сваім кагалам», заўжды збіралася на могілкі ў адпаведныя дні: увесну на Радаўніцу, пры канцы лета — на Спажу, хоць Спажа не мае статусу афіцыйнага свята ў краіне. [СпажА — Спленне, Прачыстая, 28 жніўня — дыялектная назва. — Рэд.] Што мы і цяпер наведваем магілы памерлых аж у 1944м? І ведаем, дзе ляжаць нашы нябожчыкі? І нават за сотні кіламетраў сваякі ездзілі (хай сабе і раз на дваццаць гадоў), на Магілёўшчыну, «на магілу».
Або іншае скажу. Вось прынята таксама бэсціць нашых людзей за бязбожжа і адыход ад веры. Але ўсе мае сваякі хрысцілі дзяцей у савецкі час, хоць некаторыя былі камуністамі, нехта рабіў у міліцыі, і фактычна ўсе трывала падтрымлівалі савецкую ўладу.
Памятаюць мае сваякі, і дзе да 39-га былі іх землі, і хто, дзе і што рабіў у вайну. Памятаюць і тое, як дзед Лёкса двойчы ваяваў з немцамі за Польшчу і, знявечаны, ледзьве ногі цягаў па вайне, а бабчын брат Фрол страціў пальцы пад Сталінградам. Памятаюць і тое, як дзед Рывон трапіў у НКВД, але быў неўзабаве вызвалены. І памяталі заўжды. І разумелі, што да чаго. У адрозненне ад мяне, чытача адраджэнскай літаратуры.
І так не толькі ў маёй сям’і. У вёсках маіх дзядоў — на Маладзечаншчыне і Магілёўшчыне — ва ўсіх так.
Дык што гэта, калі не «памятаць свае карані»?
Іншая справа, ці так яно будзе і надалей. Ці захаваюць такое стаўленне маладзейшыя за мяне пакаленні?