У Гамбургу на 97-м годзе жыцця памёр былы федэральны канцлер Германіі Гельмут Гайнрых Вальдэмар Шміт.

Гельмут Шміт нарадзіўся 23 снежня 1918 года ў Гамбургу. Яго бацька быў быў пазашлюбным сынам габрэйскага камерсанта і немкі, усыноўленым нямецкай сям’ёю Шмітаў. Юны Гельмут Шміт на нейкі час паддаўся быў чарам нацызму, быў актывістам Гітлерюгенду, але далейшыя, асабліва ваенныя, падзеі прымусілі яго цверазей паглядзець на жыццё.

У час ІІ сусветнай вайны Шміт служыў у паветранай абароне Брэмена, а потым на Усходнім фронце.

У 1942 годзе яго перавялі на службу ў міністэрства авіяцыі ў якасці настаўніка і дарадцы. Са снежня 1944 г. обер-лейтэнант Шміт служыў у артылерыі на Заходнім фронце. У красавіку 1945-га ён трапіў у брытанскі палон, а ў жніўні выйшаў на свабоду.

У 1946 г. былы обер-лейтэнант Шміт уступіў у Сацыял-дэмакратычную партыю Германіі. Студэнт Гамбургскага універсітэта, ён ужо ў 1947-м узначаліў Германскі сацыялістычны саюз студэнтаў. Пасля заканчэння ўніверсітэта быў запрошаны на працу ў ведамства эканомікі і транспарту роднага горада. У 1953 г. ён упершыню стаў дэпутатам Бундэстага. Другі раз мандат ён здабыў у 1957 г.

На пачатку 1960-х Г. Шміт займаў пасаду сенатара унутраных спраў федэральнай зямлі Гамбург.

У 1965 г. Шміта чарговы раз абралі дэпутатам Бундэстага, а ў 1967-м калегі ўсклалі на яго абавязкі старшыні фракцыі СДПГ у нямецкім парламенце. Так ён стаў практычна другой асобай у партыі, якою ў той час кіраваў Вілі Брант.

У 1969 г. лідар СДПГ упершыню ў паваеннай гісторыі Германіі стаў федэральным канцлерам. Гельмуту Шміту быў прапанаваны партфель міністра абароны. У чэрвені 1972 г. яго прызначылі міністрам гаспадаркі. Пазней ён заняў крэсла міністра фінансаў.

Пасля шпіёнскага скандалу, наладжанага спецслужбай Германіі, канцлер В. Брант, застаючыся па-ранейшаму лідарам сацыял-дэмакратаў, падаў адстаўку. 16 траўня 1974 г. яго наступнікам стаў Гельмут Шміт.

У лютым–верасні 1982 г. у сувязі з пераменай у палітыцы малодшага партнёра па ўрадавай кааліцыі – Свабоднай дэмакратычнай партыі – і манеўрамі хрысціянскіх дэмакратаў кабінет Шміта перажываў крызіс. У верасні з ураду выйшлі чатыры міністры-лібералы, а 1 кастрычніка скончылася канцлерства Шміта. Яго наступнікам стаў хадэк Гельмут Коль, у кабінет якога ўвайшлі ўчарашнія саюзнікі сацыял-дэмакратаў. 

Гельмут Шміт належаў да пакалення «класічнай» нямецкай сацыял-дэмакратыі паваеннай пары, да пакалення, пры якім СДПГ дасягнула найвышэйшага ўзроўню даверу грамадзян, правяла сацыяльныя рэформы і выпрацавала новую усходнюю палітыку Заходняй Германіі (нармалізавала адносіны ФРГ з Савецкім Саюзам, Польшчаю і Чэхаславакіяй, палепшыла адносіны з ГДР).

Канцлер Шміт працягваў знешнюю палітыку свайго папярэдніка (так званую палітыку разрадкі напружанасці, Entspannungspolitik). Дзякуючы гэтаму стала магчымым правядзенне Хельсінкскай нарады ў пытаннях бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе. Яго подпіс стаіць пад Заключным актам Нарады.

Разам з тым Гельмут Шміт быў вельмі асцярожны ў адносінах да Савецкага Саюза. Яму належыць папулярнае выказванне пра СССР: Верхняя Вольта з балістычнымі ракетамі.

Калі Крэмль, убачыўшы, што ЗША, Вялікарытанія і Францыя мадэрнізуюць свае ракетныя войскі, літаральна нашпігаваў Беларусь і Украіну ракетамі, федэральны канцлер, якога называлі самым праамерыканскім кіраўніком нямецкага ўрада, выступіў за двайное вырашэнне праблемы. Каб змусіць крамлёўскіх правадыроў сесці за стол перамоваў, было прынята рашэнне, што ў Еўропе (перш-наперш у Нямеччыне) будзе размешчана больш за 500 ракет класу «Першынг». Усходнюю і абарончую палітыку Гельмута Шміта ў саюзе з амерыканскім прэзідэнтам Рональдам Рэйганам працягваў Гельмут Коль. І гэта дало свой плён. У 1987 г. Міхаіл Гарбачоў падпісаў дагавор аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай дальнасці.

Новая ўсходняя палітыка Нямеччыны, хельсінкскі працэс, які стаў магчымы дзякуючы ёй, вёў да эрозіі камуністычных рэжымаў, да з’яўлення ў краінах Цэнтральна-Усходняй Еўропы і ў СССР праваабарончага руху (хельсінкскія камітэты і групы), да з’яўлення і актывізацыі палітычнай апазіцыі. Жывучы ў родным Гамбургу, экс-канцлер Гельмут Шміт мог бачыць, як рушыцца Берлінскі мур, як на ўсходзе Еўропы адбываецца дэмакратычная рэвалюцыя. Яго, хто ў даваенны час марыў стаць архітэктарам,па праву называюць адным з архітэктараў новай Еўропы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?