Пракуратурай Мінскай вобласці распачатая крымінальная справа ў дачыненні да групы асоб па факце замаху на завалоданне шляхам падману маёмасцю ў асабліва буйным памеры — бюджэтнымі грашовымі сродкамі.

Як паведаміў начальнік аддзела абласной пракуратуры Дзмітрый Сянкевіч, устаноўлена, што махляры, валодаючы ведамі ў сферы падаткаабкладання юрыдычных асоб, збіраліся выкрасці шляхам незаконнага вяртання з бюджэту падатку на дададзены кошт грашовыя сродкі ў суме большай за 23 млрд рублёў. Для ажыццяўлення сваёй задумы імі без мэты ажыццяўлення камерцыйнай дзейнасці быў зарэгістраваны на тэрыторыі Мінскага раёна суб'ект гаспадарання — ЗАТ. Стварэнне фірмы неабходна было толькі для правядзення праз яе здзелак аб куплі-продажы тэхналагічнага абсталявання.

У рэальнасці закрытым акцыянерным таварыствам абсталяванне не набывалася, здзелкі аб яго куплі і наступным продажы былі фіктыўнымі, тавар заставаўся ў першапачатковых юрыдычных уладальнікаў. 

Затым падазроныя шляхам правядзення адзінай экспартнай здзелкі і наўмыснага ўстрымання ад атрымання прыбытку ў выніку рэалізацыі паслуг унутры рэспублікі стварылі ўнікальную сітуацыю, калі абарот па стаўцы падатку на дададзены кошт (ПДК) для ЗАТ склаў 0%, што дазволіла звярнуцца ў падатковую інспекцыю з патрабаваннем аб вяртанні ПДК па набытым абсталяванні.

Пры гэтым, як зазначаюць у пракуратуры, стаўка ПДК 0% практычна не прымяняецца, паколькі для гэтага неабходна, каб суб'ект гаспадарання ажыццяўляў пастаўку тавараў толькі на экспарт, без ажыццяўлення гаспадарчай дзейнасці ўнутры краіны, што бывае вельмі рэдка.

Супрацьпраўныя дзеянні групай асоб не былі даведзеныя да канца, таму што іх злачынную задуму выявілі падатковыя органы пры праверцы дакументаў, якія даюць права на вяртанне падатку. 

Такім чынам, сумеснымі дзеяннямі супрацоўнікаў пракуратуры Мінскай вобласці і тэрытарыяльнай падатковай інспекцыі прадухілена нанясенне дзяржаве ўрону ў асабліва буйным памеры.

Для правядзення папярэдняга расследавання крымінальная справа накіравана ва УСК па Мінскай вобласці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?