Нацыянальны банк сумесна з урадам прыме меры па прывядзенні актаў заканадаўства ў адпаведнасць з дэкрэтам № 7, паведамляе ўпраўленне інфармацыі Нацбанка.

Дэкрэт ад 11 лістапада 2015 года «Аб прыцягненні грашовых сродкаў ва ўклады (дэпазіты)» прадугледжвае ўвядзенне безадзыўных і адзыўных дагавораў размяшчэння ўкладаў насельніцтва. Першы від укладаў падразумявае, што тэрміновы дэпазіт будзе знаходзіцца ў банку на працягу ўсяго тэрміну размяшчэння ўкладу. «Пры заключэнні адзыўнога дагавора прадугледжваецца магчымасць датэрміновага вяртання ўкладу па ініцыятыве ўкладчыка. Пры гэтым пэўныя тэрміны і ўмовы вяртання ўкладу будуць прапісвацца ў дагаворы паміж банкам і ўкладчыкам», — зазначае Нацбанк.

Размяшчэнне ўкладаў у банках з гэтага часу будзе рэгулявацца дэкрэтам прэзідэнта, які мае больш высокую юрыдычную сілу ў параўнанні з Банкаўскім кодэксам, растлумачылі ў Нацбанку. «Такім чынам, з моманту набыцця сілы дэкрэта № 7 норма часткі трэцяй артыкула 186 Банкаўскага кодэкса, які дае права ўкладчыку — фізічнай асобе патрабаваць датэрміновага вяртання ўкладу і абавязак укладаатрымальніка (банка) вярнуць уклад цягам пяці дзён, фактычна прымяняецца да дагавораў банкаўскага ўкладу, што былі заключаныя да 12 лістапада 2015 года», — гаворыцца ў паведамленні Нацбанка. 

У дачыненні да дагавораў банкаўскага ўкладу, заключаных пасля набыцця сілы дэкрэта № 7, правілы вяртання ўкладу будуць вызначацца ў адпаведнасці з нормамі дэкрэта, зазначылі ў Нацбанку.

З улікам гэтага Саветам міністраў і Нацыянальным банкам «будуць прынятыя неабходныя меры па прывядзенні актаў заканадаўства ў адпаведнасць з дэкрэтам № 7», растлумачыў рэгулятар.

Да прыняцця дэкрэта па сутнасці ўсе ўклады насельніцтва ў Беларусі былі адзыўнымі. Норма, замацаваная ў Банкаўскім кодэксе, абавязвала банкі вярнуць дэпазіт укладчыку на працягу пяці дзён па патрабаванні кліента.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?