Delfi.lt
У будучыні Літва не плануе купляць электраэнергію з Астравецкай АЭС, якая будуецца ў РБ недалёка ад мяжы з Літвой, заявіў літоўскі прэм'ер-міністр Альгірдас Буткявічус. Як сцвярджае прэм'ер, Літва не мае намеру адаптаваць свае электрасеткі для таго, каб набываць электраэнергію з гэтай станцыі.
«Мы не збіраемся адаптаваць ніякую інфраструктуру для гэтай атамнай станцыі і не збіраемся закупляць электраэнергію з гэтай атамнай станцыі», — заявіў у чацвер у Сейме прэм'ер, адказваючы на пытанне лідара апазіцыі Андруса Кубілюса пра тое, ці гатовая Літва закупляць электраэнергію з Астраўца. «У нас не было ніякіх кантактаў з Беларуссю па гэтым пытанні», — дадаў А. Буткявічус.
Літва і Беларусь уваходзяць у адно энергетычнае кальцо пяці краін БРЭЛЛ, якое таксама аб'ядноўвае Расію, Латвію, Эстонію. Літва і іншыя балтыйскія краіны маюць намер пакінуць БРЭЛЛ і сінхранізаваць сістэму з кантынентальнай Еўропай, аднак гэты працэс пачнецца толькі тады, калі разам з Польшчай Еўракамісія вызначыць тэхнічныя параметры.