Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў, што захоўваецца пагроза ператварэння сітуацыі на Данбасе ў замарожаны канфлікт і абвінавачвае ў гэтым улады Украіны.

Пра гэта ён сказаў у інтэрв'ю турэцкаму інфармацыйнаму агенцтву «Анадолу» напярэдадні саміту «Групы дваццаці».

Reuters

Reuters

«Па-ранейшаму захоўваецца пагроза ператварэння сітуацыі на Данбасе ў замарожаны канфлікт. Да гэтага вядзе палітыка Кіева, які працягвае нарошчваць блакаду паўднёвага ўсходу, не пускае туды ні прадукты харчавання, ні грошы. Ліквідаваў там банкаўскую сістэму, блакаваў экспарт», — сказаў Пуцін.

Ён адзначыў, што «яшчэ на перамовах у верасні 2014 года бакі канфлікту дамовіліся не толькі пра перамір'е, але і пра крокі па аднаўленні жыццядзейнасці рэгіёна».

«Было зафіксавана, што павінна быць прынята праграма эканамічнага адраджэння Данбаса. Гэтае пытанне абмяркоўвалі і ў лютым бягучага года ў Мінску, дзе нашы партнёры па «нармандскім фармаце» — Германія і Францыя — пагадзіліся аказаць тэхнічнае садзейнічанне ў аднаўленні банкаўскай і фінансавай інфраструктуры ў закранутых канфліктам раёнах», — сказаў Пуцін.

«Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што пэўныя зрухі ўсё ж такі ёсць. Бакамі адноўлены чыгуначны рух, які дазваляе дастаўляць данбаскі вугаль у іншыя рэгіёны Украіны. Вядуцца працы па наладжванні энергазабеспячэння. Прапрацоўваюцца пытанні, звязаныя з аднаўленнем сістэмы водазабеспячэння», — дадаў ён.

Пуцін заявіў, што Расія, са свайго боку, працягвае аказваць падтрымку Данбасу, які аказаўся ў складанай гуманітарнай сітуацыі. З жніўня 2014 туды было пастаўлена звыш 50 тысяч тон гуманітарных грузаў.

«Мы думаем перш за ўсё пра людзей, якіх кіеўскія ўлады кінулі на волю лёсу, паставілі на грань выжывання. Наш абавязак — аказаць ім неабходную дапамогу», — сказаў Пуцін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?