Палітрада аб’яднаных палітычных сілаў прызнала здаваляльняючай працу выбарчага штабу Аляксандра Мілінкевіча. Сярод недахопаў кампаніі кіраўнік выбарчага штабу Сяргей Калякін назваў абмежаванасьць рэсурсаў, адсутнасьць адзінага пляну правядзеньня кампаніі, слабую працу крэатыўнай і прэсавай групаў. Акрамя таго сп.Калякін крытычна выказаўся наконт мабілізацыйнай палітыкі: «Усе праекты па мабілізацыі людзей апынуліся фікцыяй. Рэальнай працай ніхто не займаўся, хоць і атрымалі пад гэта рэсурсы». Крытычныя заўвагі Сяргея Калякіна камэнтуе палітоляг Юры Чавусаў.

«Заява Сяргея Калякіна дэманструе яго альбо элемэнтарную неінфармаванасьць, альбо жаданьне перакласьці адказнасьць за пралікі ў працы штабу на іншых. Дзейнасьць штаба ў існуючых варунках справядліва ацанілі ў цэлым станоўча. Праўда і пралікі былі такія, што стваралася ўражаньне: хочаш дэстабілізаваць кампанію – лепей не прыдумаеш. Гэта датычыць і зацягнутага зацьвярджэньня праграмы кандыдата і пракол зь яе публікацыяй у СМІ. Доўгі час не маглі вызначыцца з лягатыпам кампаніі. Усё гэта недапрацоўкі інфармацыйна-аналітычнага блёку штабу.

Што датычыць мабілізацыйнай кампаніі, то яе і сапраўды ніхто не праводзіў, акрамя непалітычных арганізацыяў. З усіх мабілізацыйных ініцыятываў штаб шчыльна супрацоўнічаў з рухам «За Свабоду!», бо папросту ня мог яго праігнараваць – гэтая ініцыятыва прапагандавала лёзунг кампаніі. Штаб вельмі нэрвова ставіўся да дзейнасьці непадпарадкаваных яму наўпрост арганізацыяў, лічачы неабходным канцэнтрацыю ініцыятываў у адным месцы – у штабе. Дзейнасьць руху «Хопіць!», іншых моладзевых арганізацыяў па-за штабам расцэньвалася, як расьцярушваньне людзкіх і фінансавых рэсурсаў. Варта нагадаць, што менавіта рух «Хопіць!» арганізаваў намётавае мястэчка на Кастрычніцкай плошчы, ініцыятыва «За Свабоду!» зладзіла найбуйнейшую перадвыбарчую акцыю ў Менску – канцэрт на Бангалоры 18 сакавіка. Таму дзіўнымі падаюцца заявы кіраўніка штабу пра тое, што мабілізацыйнай кампаніі не вялося. Магчыма такім чынам ён хоча перакласьці рэальныя пралікі штабу на непалітычных удзельнікаў кампаніі, якія адпрацавалі ў дадзенай сытуацыі максымальна эфэктыўна».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0