Дакладней, яны пазбаўлены арыентацыі, геаграфічнай самаідэнтыфікацыі, так бы казаць, магнітныя палюсы для іх ссунуты. Ня самі ссунуліся, зразумела, іх перасунулі. Беларусы ходзяць нібы па нахіленай паверхні, трэба рабіць міжвольныя карэктывы для тулава, каб рухацца сяк-так раўналежна долу.

Яны дагэтуль прызвычаеныя, седзячы ў Эўропе, езьдзіць у яе праз Эўразію. Памятаю прыяцель мне казаў: Берасьце — самы савецкі, самы прамаскоўскі горад Беларусі. Гэта маючы Варшаўскі мост?! Непрыемна ўразіла, памятаецца, як у ФРГ ля швэйцарскай мяжы ўпаў башкірскі самалёт, у якім разам з расейцамі выпадкова апынулася берасьцейская сям’я з шляхецкім, здаецца, прозьвішчам. Ляцела ў Гішпанію праз Маскву…

Яшчэ больш уразіла, што берасьцейцы паехалі ў “цьвёрдакаменную” сваёй машынай, машына ў дарозе зламалася, яны мусілі вяртацца і потым, спазьніўшыся, нейк дабраліся да той Масквы. Хіба за 1100 км. У адваротны бок ад Эўропы. Бог мой, і гэта маючы да Варшавы кілямэтраў 130-150, здаецца! Іх пасадзілі ў выпадковы самалёт...

Сустрэў нейк улетку гарадзенцаў на менскім вакзале, яны вярталіся з паўднёвага мора. Адлёт быў з Масквы (за 1000 км!!) Ясна: пуцёўкі каштавалі таньней, чымсьці зь Менску. Але калі яны прыляцелі назад, тры дні не маглі ўзяць квіткі на Горадню, у рэшце рэшт атрымалася дабрацца да Менску. Галава сям’і мне прызнаўся: усю эканомію на пуцёўках выдаткавалі ў Маскве.

Дваццаць гадоў таму мая знаёмая езьдзіла ўпершыню ў Прагу, дык вось яна мусіла сядаць не ў цягнік Горадня-Варшава, а ехаць ажно ў Маскву, павялічыўшы свой шлях у Чэхаславаччыну больш як удвая. Нічога не памянялася, атрымліваецца? Горадня сёньня ператворана ў мядзьведжы кут у Эўропе. Ні самалётаў, ні цягнікоў туды няма, а цяпер і візаў ня стала.

У Маскве існуюць літаратурныя спатканьні “Правінцыя паказвае зубы”. Трапіла туды аднойчы маладая паэтка зь Віцебска. Вядучы кажа: вось вы прыехалі зь Беларусі, раскажыце якое літаратурнае жыцьцё ў вашым родным горадзе? Тая адказвае літаральна наступнае: няма там ніякага літаратурнага жыцьця, там і жыве-та ўсяго пара паэтаў… А што за паэты? — цікавяцца ў яе. Адказ: я, шчыра кажучы, нават ня памятаю як іх завуць. Ні на слыху яны, ніхто (!) ня ведае, што за паэты (!!).

Аказваецца, сама яна ніколі не сустракалася з чытачамі ў сваім горадзе. Яна, аказваецца, для іх таксама не існуе! Карацей кажучы, яны з поўным правам могуць сказаць: такой паэткі няма, мы такой ня ведаем, хто яна такая?!

Жыць, не адчуваючы глебы, жыць, ня ведаючы дзе жывеш, не разумеючы дзе знаходзішся, не адчуваючы каранёў. Савецкае выхаваньне: мой адрас ня дом і ня вуліца. Каб стаць касмапалітычным паэтам, трэба уперад хаця б паспрабаваць зрабіцца тутэйшым. Адзін знаёмы замежны мастак, што малюе абстракцыі, сказаў мне: мне не цікавым стала рэалістычнае мастацтва, але спачатку я вывучыў яго гісторыю і навучыўся маляваць у клясычнай манэры.

Вечныя правінцыялы, краіна правінцыялаў. Гэта не таўро нават, гэта накшталт хваробы. Гэта бадай падобна хутчэй да хатняга янычарства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?