Засыпаны чорнай зямлёй узгорак. Дзе-нідзе зь зямлі тырчаць цагліны і валуны, рэшткі фарфоравага посуду, іржавыя жалезкі. Гэта на сёньня ўсё, што засталося ад магутнага фундамэнту двухпавярховага каменнага дому — былой сядзібы менскіх абшарнікаў Немаршанскіх, узьведзенай яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі. Калі адбылося канчатковае зьнішчэньне рэшткаў сядзібы?

Ахоўнік суседняга гаражнага каапэратыву Мікалай дакладнага дня не прыпомніць. «Недзе ў канцы жніўня гэта было. Мне 40 гадоў, тут вырас і пражыў усе свае гады, і нікому гэтыя рэшткі не заміналі. Маладым памятаю, як сюды прыходзілі гісторыкі, абмяралі фундамэнты, казалі, што гэта будзе помнік гісторыі. Але я разумею, што калі помнік, дык мусяць павесіць таблічку ды агароджу зрабіць. А тут ніякай таблічкі так і не павесілі, нічым не абгарадзілі. І вось раптам нагналі тэхніку і пачалі зносіць. Гудзелі тут больш за тыдзень, руйнавалі ды вывозілі глыбы цэглы і каменьня. Начальнікаў у гальштуках было шмат — назіралі. Ведаю, зьнішчэньню папярэднічаў пажар у сутарэньні — там жа наркаманы сабе прытон зрабілі, дык сьмецьце гарэла ледзь ня кожны год, і сёлета таксама загаралася. А тут яшчэ, як кажуць, рэшткі столі абваліліся. Пра гэта дакладна ня ведаю, не хадзіў туды, але сапраўды магло каго прыбіць. Відаць, таму і вырашылі зьнесьці ды засыпаць. Гэта мясцовы ЖРЭА ўсё зрабіў», — расказаў Мікалай.

У адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Менску пацьвердзілі: рэшткі сядзібы зьнішчылі дзеля добраўпарадкаваньня тэрыторыі. І патлумачылі, што яны ня мелі статусу гістарычнага помніка. Акрамя таго, вакол сядзібы сьпілавалі старыя дрэвы, якія сталі небясьпечнымі.

На мапе гэтае месца пазначанае як завулак Лошыца-2. Зусім побач — завулак Каржанеўскага. Менчукі лепш ведаюць месца дзякуючы суседнім будынкам — шпіталю гарадзкой хуткай дапамогі і Рэспубліканскага цэнтру артапэдыі і траўматалёгіі. Вокны цэнтру якраз выходзяць на ўзгорак, дзе стаяў дом Немаршанскіх. Яго рэшткі нішчылі на вачах наведнікаў цэнтру і мэдыкаў, якія ў ім працуюць.

Дарэчы, ускосна цэнтар спрычыніўся і да гаротнай долі гістарычнага будынку, які так і ня стаў помнікам. Бо тэрыторыя цэнтру, агароджаная бэтонным плотам, фактычна перасекла завулак, які выводзіць да вуліцы Брэсцкай.

«Яшчэ гадоў 15 таму я тут хадзіў, была добрая сьцежка, прыгожае месца. Але як паставілі гэты плот, дык людзі перасталі скрозь хадзіць, стары парк стаў зарастаць быльлём», — кажа мясцовы жыхар Вячаслаў.

Мінак згадвае, што ў зьнішчаным доме калісьці было праўленьне саўгасу. «О, тут прыходзілі на працу, але паступова ўсё прыйшло ў заняпад. Месца тут прыгожае, але яму не пашанцавала», — падсумаваў Вячаслаў і пабег далей па справах.

Унізе пад узгоркам працякае даволі бурлівая тут рэчка Лошыца, за якой на другім беразе — прыватныя дамы, гаражы ды хлявы. Схіл узгорку як норамі паедзены абкладзенымі цэглай уваходамі ў сутарэньні. Мясцовыя жыхары кажуць, што пад узгоркам праходзяць лябірынты сутарэньняў, пабудаваныя яшчэ Немаршанскімі. Хто гэтыя абшарнікі і якая іх роля ў гісторыі гораду?

Немаршанскія — вядомы ў менскім рэгіёне род, які часта згадваецца ў дакумэнтах 19 стагодзьдзя. Маёнтак Немаршанскіх быў побач з Лошыцай, яны валодалі значнымі абшарамі зямлі, якую здавалі ў арэнду, мелі на ёй корчмы ды розныя гаспадарчыя аб’екты. У Кастрычніцкім раёне сталіцы ёсьць сквэр Сенажаны, назва якога паходзіць ад Сен-Жоны — гэтак называўся адзін з фальваркаў Немаршанскіх пад Менскам. Пасьля рэвалюцыі 1917 году ўласнасьць Немаршанскіх, як і іншых землеўладальнікаў, нацыяналізавалі, а самі яны, хто ня ўцёк за мяжу, былі рэпрэсаваныя. У былой сядзібе разьмясьцілі праўленьне саўгасу. Будынак шмат разоў рамантаваўся і перабудоўваўся, а ў другой палове 20 стагодзьдзя яго канчаткова закінулі. «Паступова расьцягнулі па цаглінах. Тут палова гаражоў пабудаваная зь яго рэшткаў», — сказалі мне шчыра мясцовыя жыхары.

Руіны сядзібы Немаршанскіх у чэрвені 2015. Фота: kabierac.livejournal.com 

Руіны сядзібы Немаршанскіх у чэрвені 2015. Фота: kabierac.livejournal.com 

Памяць пра Немаршанскіх захавае, бадай што, назва будучай станцыі мэтро — «Немаршанскі сад».

Якія гістарычныя аб’екты ў Менску цяпер пад пагрозай зьнішчэньня?

Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч кажа, што падобны лёс можа чакаць некалькі будынкаў міжваеннага часу, якія не ўдалося прызнаць помнікамі гісторыі.

«Назіраецца такая трывожная тэндэнцыя, што Міністэрства культуры ўсімі сіламі блякуе прапановы па наданьні гістарычным будынкам статусу помнікаў, якія ахоўвае дзяржава. Шукаюцца любыя фармальныя падставы, каб прапановы грамадзкасьці нават не даходзілі на разгляд рады, якая гэта вырашае. І гэта тычыцца ня толькі старадаўніх будынкаў, але і тых, зь якімі сучасная ўлада нібыта зьвязвае сваю асноўную ідэалёгію.

Вось у раёне Масюкоўшчыны знаходзіцца ансамбль будынкаў канцлягеру ваеннапалонных № 352 — яшчэ летась была прапанова надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці гэтаму месцу, але Міністэрства культуры гэтую прапанову адхіліла.

Таксама міжваенны будынак у стылі канструктывізму на вуліцы Кальварыйскай, 3а — там цяпер музычная школа. У час вайны там быў інфэкцыйны шпіталь менскага гета. Мной рабілася прапанова па наданьні статусу гэтаму будынку, але навукова-мэтадычная рада палічыла, што будынак ня мае прыкмет гістарычнай каштоўнасьці. Але ж з гэтага і пачынаецца — спачатку не далі статусу, потым зьнесьлі, каб вызваліць месца для новай забудовы. Такіх прыкладаў у нас шмат», — кажа Антон Астаповіч.

Таварыства, якое ён узначальвае, цяпер змагаецца за лёс падмуркаў званіцы Пакроўскай царквы ў Магілёве, там жа — падмуркаў касьцёла сьвятога Антонія, кляштару бэрнардынцаў і Халоднай сынагогі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?