У сувязі з тэрактамі ў Парыжы на знешніх межах Еўрасаюза пачынаецца рэалізацыя мер па ўзмацненні бяспекі.
Дзяржаўная служба аховы мяжы Літвы праінфармавала аб гэтых мерах беларускі бок.
Як паведаміў прэс-сакратар Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі Аляксандр Цішчанка, прадугледжваецца ў тым ліку ўзмацненне мер кантролю ў пунктах пропуску. Паводле яго слоў, гэта прывядзе да павелічэння часу на праходжанне мяжы і паўплывае на фарміраванне чэргаў. Мяркуецца, што падобныя меры бяспекі будуць прынятыя не толькі Літвой, але і Латвіяй і Польшчай — краінамі Еўрасаюза, з якімі таксама мяжуе Беларусь.
У сваю чаргу, органы пагранслужбы Беларусі «таксама пачынаюць прымаць меры па ўзмацненні аховы мяжы на важных напрамках», сказаў Цішчанка.
У сітуацыі, якая склалася, па словах прэс-сакратара пагранведамства, галоўнай рэкамендацыяй грамадзянам з'яўляецца адмова ад паездак у сумежныя краіны ЕС. Калі гэта зрабіць немагчыма, варта выбіраць кірунак і пункты пропуску для перасячэння мяжы, зыходзячы з інфармацыі аб чэргах на сайце Дзяржпагранкамітэта.