Мы прагульваемся вечаровым Берлінам каля Брандэнбургскіх варот. Ідзём на Бебель-пляц. І тут да аўтобуснага прыпынку пад’язджаюць пяць «Трабантаў». Гэта машыны з Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі. Маленькія, з пластмасавым корпусам. «Панюхайце ГДР», — усміхаецца Ангела Крэлер, наш гід па горадзе. Ад машын патыхае бензінам. Як у салонах нашых старых аўтобусаў. 

«Трабанты» ў Берліне — гэта не толькі сацыялістычная гісторыя, але і бізнэс. Турыстаў возяць на гэтых машынках па нямецкай сталіцы. Едзе адразу некалькі аўто. Наперадзе — кіраўнік групы. Часам у адной ці другой машыне нешта здараецца, і тады даводзіцца спыняцца і выпраўляць хібы. Але такая ненадзейнасць усходнегерманскіх аўто не надта спыняе — шмат хто гатовы плаціць грошы за гэтыя забавы.

«Трабант» перад уваходам у кавярню размалявалі ў яркія колеры.

«Трабант» перад уваходам у кавярню размалявалі ў яркія колеры.

«Трабант» вельмі папулярны і ў прыватным музеі ГДР. Усе спрабуюць уціснуцца ў салон мініяцюрнай машыны, каб зрабіць «сэлфі» альбо проста патрымацца за руль.

«Звычайна машыны робяць са сталі. А гэтая — з дзюрапластыку, — раскавазе Крысціян Бірке, супрацоўнік музея. — У сацыялістычнай планавай эканоміцы заўжды быў дэфіцыт чагосьці — у ГДР бракавала сталі. Вага машыны была ўсяго 615 кг, і пры аварыі яна адразу разбівалася. Для 1957 года гэта была някепская машына. Але затым яна састарэла. Калі ў ГДР людзі хацелі купіць «Трабант», то тэрмін пастаўкі складаў ад 10 да 16 гадоў!».

 

Музей ГДР адчыніўся ў 2006-м. У верасні яго парог пераступіў 4-мільённы наведнік. 

Крысціян Бірке адзначае, што найперш тут паказваюць паўсядзённае жыццё краіны, якая больш не існуе. Тут можна наведаць тыповую кватэру рабочага, паслухаць па тэлевізары выступленне генеральнага сакратара Сацыялістычнай адзінай партыі Германіі Эрыха Хонекера. Адправіцца на нудысцкі пляж, праўда, на фотаздымках (у адрозненне ад СССР, у ГДР загараць галышом не забаранялася). Альбо схадзіць у краму.

Так было ад пачатку.

У 2010-м плошчу музея пашырылі: дадалася экспазіцыя, звязаная з пераследам грамадзян Міністэрствам дзяржбяспекі.

Між іншым, калі вы думаеце, што са знікненнем ГДР зніклі і ўсе рэчы адтуль, то гэта памылка. Не шмат, але памяткі з сацыялістычных часоў можна і сёння сустрэць у Германіі.

  Ампельман скарыў не толькі дзяцей, але і дарослых.

Ампельман скарыў не толькі дзяцей, але і дарослых.

«Чалавечак у капелюшы на святлафоры — яго празвалі Ампельман — з ГДР. Калі адбылося уз’яднанне, такі святлафор стаў не адпавядаць стандартам, бо мы атрымалі законы ФРГ, — кажа Бірке. — Але разам з законамі ФРГ мы атрымалі і дэмакратыю, пры якой людзі могуць мяняць законы. Таму цяпер кожны горад Германіі сам вырашае, якім святлафорам карыстацца».

І сёння вобраз Ампельмана можна сустрэць на майках, кубках, паштоўках. Ампельман зарабляе.

«Прадукцыйнасць працы, якасць працы ў ГДР была ніжэйшая, таму многія прадпрыемствы збанкрутавалі. Але некаторыя папулярныя брэнды захаваліся. Напрыклад, шампанскае «Чырвоны Каптурык» і сёння — вядучая марка шампанскага. Альбо пральны парашок «Шпіль» (яго набыла кампанія «Хенкель»). Крэм «Фларэна» — гэта аналаг «Нівеі» на Захадзе».

Цікава, што пасля ўз'яднання ФРГ пераняла ў ГДР некаторыя перадавыя сацыяльныя стандарты. У ГДР дзеці масава наведвалі яслі і дзіцячыя садкі, каб іх мамы маглі працаваць. «Пасля ўз’яднання шмат спрачаліся наконт таго, добра гэта было для дзяцей альбо кепска. А сёння ў Германіі мы сталі больш сучаснымі: мы будуем новыя яслі, дзіцячыя садкі, каб жанчыны маглі раней вярнуцца на працу». Бо ў ФРГ раней жанчыны пасля нараджэння дзіцяці не заўжды маглі ці жадалі працягваць кар’еру.

   Адзін з кавалкаў Берлінскай сцяны выглядае вось так. 

 Адзін з кавалкаў Берлінскай сцяны выглядае вось так. 

А вось гэты кавалак Берлінскай сцяны самы вядомы — за графіці, што паўтарае знакамітае фота з пацалункам Брэжнева і Хонекера. Фота venividi.ru.

А вось гэты кавалак Берлінскай сцяны самы вядомы — за графіці, што паўтарае знакамітае фота з пацалункам Брэжнева і Хонекера. Фота venividi.ru.

Але самым вядомым сімвалам ГДР з’яўляецца ўсё-ткі Берлінскі мур. Ён паўстаў у 1961 годзе, раздзяліўшы горад на дзве паловы — усходнюю і заходнюю. Улады ГДР за адну жнівеньскую ноч абнеслі Заходні Берлін па перыметры калючым дротам. Быў спынены свабодны пераход з адной зоны ў другую. І пачалося ўзвядзенне сцяны. Атрымаўся мур 155 км удоўжкі.

«Сцяну два разы мянялі. Сцяна 1960-х здавалася недастаткова трывалай, яе яшчэ неяк пераадольвалі. У 1970-х сцяну змуравалі з бетону. Яшчэ раз яе цалкам замянілі ў 1980-х вось на гэтую», — Ангела Крэлер падводзіць да сцяны на Бернаўрштрасэ.

Тут, на Бернаўрштрасэ, зроблены мемарыяльны комплекс: захаваны кавалак муру. Дакладней, муроў было два. Вонкавы і ўнутраны. А паміж імі бегалі раз’юшаныя сабакі, стаяла вышка з салдатам.

  Берлінскі мур складаўся з дзвюх сцен — вонкавай і ўнутранай. Паміж імі была паласа смерці, у якой стралялі ў кожнага, хто спрабаваў перабегчы мяжу.

Берлінскі мур складаўся з дзвюх сцен — вонкавай і ўнутранай. Паміж імі была паласа смерці, у якой стралялі ў кожнага, хто спрабаваў перабегчы мяжу.

Побач і помнік тым, хто загінуў пры спробе перайсці з усходу на захад. Так атрымалася, што дамы стаялі ва ўсходнім Берліне, а тратуар ужо быў у заходнім. Людзі беглі праз вокны. Тады вокны на першых паверхах заклалі цэглай. Людзі пачалі скакаць з чацвёртага і пятага. Не ўсе выжывалі.

  Бернаўэрштрасэ, людзі ўцякаюць з ГДР у ФРГ. Дом знаходзіцца ва Усходнім Берліне, а тратуар — ужо ў Заходнім. 

Бернаўэрштрасэ, людзі ўцякаюць з ГДР у ФРГ. Дом знаходзіцца ва Усходнім Берліне, а тратуар — ужо ў Заходнім. 

Ангела расказвае, што ў Заходнім Берліне выклікалі пажарныя машыны на Бернаўрштрасэ. Расцягвалі ратавальны брызент, і людзі скакалі на яго. Страляць гэдээраўскія памежнікі не маглі — уцекачы былі ўжо на тэрыторыі суседняй дзяржавы. Урэшце ўсе такія прымежныя дамы знеслі.

Ангела паказвае і на капліцу прымірэння побач. Яна паўстала на месцы колішняй евангелісцкай царквы. «Царква прастаяла замкнёнай да 1985 года, а тады яе ўзарвалі. Гэдээраўскія ўлады ніколі не называлі афіцыйную прычыну гэтага. Але людзі заўжды казалі: паглядзіце, дамы побач знеслі, могілкі перанеслі, а царквы не чапаюць — баяцца Бога. І мы верым у тое, што пакуль гэтая царква тут стаіць, сцяна некалі знікне». І нібыта гэдээраўскі ўрад, знішчыўшы царкву, хацеў паказаць, што Бога не баіцца, а мур не ўпадзе ніколі.

Часам добрае перакрэслівае кепскае, а часам кепскае сцірае добрае. І немцы не забываюць пра той маразм, што адбываліся з імі ў часы ГДР. Як і пра жахі нацысцкага мінулага не забываюць.

Пра ГДРаўскі час нагадвае і колішняя турма Міністэрства дзяржаўнай бяспекі (Штазі). Яе ператварылі ў мемарыял «Хоэншанхаўзэн» (асобна існуе яшчэ і Музей Штазі).

На тэрыторыі мемарыяла «Хоэншанхаўзэн».

На тэрыторыі мемарыяла «Хоэншанхаўзэн».

«Да 1951 гэта была савецкая турма. Пасля гэты комплекс будынкаў перайшоў да Міністэрства дзяржбяспекі ГДР. І да 1989 года тут знаходзіўся галоўны следчы ізалятар Штазі. Кожны, хто сядзеў тут, быў палітвязнем — тут не было крымінальнікаў. Ніхто з арыштаваных не ведаў, дзе дакладна ён знаходзіцца. Месца было сакрэтным. У дамах навокал жылі толькі асобы, тым ці іншым чынам звязаныя з Міністэрствам дзяржбяспекі. Ахоўнікі і канваіры нічога не ведалі пра зняволеных — нават імені: вязні былі толькі пад нумарамі. Гэта зручна. Бо ахоўнікі — таксама людзі, якія пасля змены хадзілі выпіць піва, а пасля пары бакалаў развязваецца язык. Але ў дадзеным выпадку яны ведалі твар чалавека і ягоны нумар — больш нічога». 

«У камеры стаялі драўляныя нары, параша, якую выносілі раз на суткі. Памыцца не было як. Допыты заўжды праходзілі ўначы ў кабінетах, што знаходзіліся на верхнім ярусе будынка. Раніцай зняволенага вярталі ў камеру, але ўдзень спаць забаронена. Катаванне сном — суровая рэч. Многія зняволеныя падпісвалі прызнанні ў спадзяванні, што іх перавядуць у лепшыя ўмовы. Тое, што я расказваю, перажыў сам».

Палітвязень у часы ГДР Карл-Хайнц Рыхтар.

Палітвязень у часы ГДР Карл-Хайнц Рыхтар.

Карл-Хайнц спрабаваў перабегчы на Захад. Не атрымалася. Перад сваімі ўцёкамі пераправіў туды сяброў. Яму пагражала смерць, але сябры на Захадзе паднялі шум: у ГДР хочуць забіць 17-гадовага юнака. Яго пакінулі ў жывых.

«Першыя 8 тыдняў у мяне не было магчымасці памыцца, бялізну не мянялі. А калі не можаш памыцца, усё цела свярбіць. Я некалькі месяцаў змазваў цела мачой. Стары канваір сказаў, што так рабілі на вайне, што гэта ратуе ад свербу. Многія вар'яцелі. Я страшна баяўся, што таксама звар’яцею».

Але Рыхтар усё вытрываў. Калі выйшаў на свабоду, не адмовіўся ад перакананняў. Тады яго выслалі на Захад. (Падрабязней у артыкуле: «Жонку згвалтавалі, забралі дачку — гісторыя аднаго супрацьстаяння з дзяржавай».)

…Гэтыя прыклады — толькі частка таго, як сучасная дэмакратычная ФРГ пераасэнсавала і мемарыялізавала сваё сацыялістычнае мінулае. Не адмовілася, не забылася, а ўключыла яго ў сябе. І калі сёння нехта настальгуе па ГДР, можа зайсці ў музей, прысесці на канапу ў імправізаваным пакоі гэдээраўскага рабочага, паслухаць Эрыха Хонекера. Альбо нават праехацца на «Трабанце». А можа прыйсці ў Музей Штазі альбо мемарыял «Хоэншанхаўзэн». Спусціцца ў падвалы, дзе катавалі людзей. Альбо паглядзець дасье на сябе, каб раскрыць імёны сяброў, якія данасілі. Гэта гісторыя, і грамадства павінна яе памятаць, каб не паўтараць памылкі мінулага.

Берлін—Мінск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?