Аддзелам па раскрыцці злачынстваў мінулых гадоў упраўлення крымінальнага вышуку ГУУС Мінгарвыканкама ўстанаўліваецца асоба мужчыны, які быў замешаны ў чатырох згвалтаваннях. Гаворка ідзе аб нераскрытых злачынствах у 2002, 2004, 2014, 2015 гадах. 

Як паведамляе прэс-сакратар ГУУС Аляксандр Ластоўскі ў сацыяльных сетках, паводле інфармацыі, якая маецца ў аператыўнікаў, усе злачынствы былі ўчыненыя па адной і той жа схеме. Невядомы нападаў на маладых жанчын (у адным выпадку пацярпела непаўналетняя) у бязлюдным месцы познім вечарам ці ноччу. Спачатку ён рухаўся за сваімі ахвярамі, потым наганяў іх, пачынаў размаўляць і спрабаваў пазнаёміцца. Затым наносіў моцныя ўдары па целе і галаве і гвалтаваў. 

У супрацоўнікаў крымінальнага вышуку ёсць важкія падставы меркаваць, што да згаданых згвалтаванняў мае дачыненне адзін і той жа мужчына. 

З паказанняў пацярпелых выдзеленыя яго прыкметы: на выгляд 40—50 гадоў, рост каля 170 см, сярэдняга целаскладу, валасы цёмныя кароткія, твар авальны. Ніз твару акруглы, нос вялікі, прамы. «Мяшкі» пад вачамі. На твары могуць быць зморшчыны. Асаблівасцяў гаворкі, акцэнту няма. Праўшун. Паходка роўная без асаблівасцей. Апошнім разам (летам) быў апрануты не па сезоне. На галаве вязаная шапка цёмнага колеру з адваротам. Куртка ўцепленая, падоўжаная, цёмнага колеру. Пры гэтым пацярпелыя адзначылі агульны неакуратны і неахайны знешні выгляд насільніка, ад яго ішоў непрыемны пах вільгаці. Ёсць меркаванні, што злачынца можа быць жыхаром прыватнага дома, злоўжывае спіртным. 

На аснове апісанняў пацярпелых намаляваныя партрэты адшукваемага. Яны неаднаразова публікаваліся ў інтэрнэце і друкаваных СМІ.

Супрацоўнікі ўпраўлення крымінальнага вышуку чарговы раз звярнуліся да грамадзян з просьбай аб дапамозе ва ўстанаўленні асобы адшукваемага. 

Канфідэнцыяльнасць і ўзнагароджанне гарантуюцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?