Суд Гомельскага раёна 16 лістапада абвясціў прыгавор у дачыненні да мясцовага жыхара 1972 года нараджэння, паводле звестак Следчага камітэта, які раней уваходзіў у крымінальную групоўку «Пажарнікі».

Па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса (295, 208, 218, 339) 43-гадовы мужчына прыгавораны па сукупнасці да дзевяці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму і з канфіскацыяй маёмасці. Ён прызнаны вінаватым у вымаганні з прымяненнем насілля, незаконным набыцці, захоўванні і перавозцы агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых прыстасаванняў, наўмысным пашкоджанні маёмасці, асабліва злосным хуліганстве. Прыгавор не набыў законную моц і можа быць абскарджаны або апратэставаны.

Паводле звестак папярэдняга расследавання, у верасні 2014 года на тэрыторыі дачы садаводчага таварыства «Іпуць-5» прагрымеў выбух. Былі пашкоджаныя фасад дома, гараж, альтанка і аўтамабіль «Мерседэс», што належаў гаспадару дачы. Была распачатая справа на падставе ч. 3 арт. 339 КК (асабліва злоснае хуліганства).

Следства ўстанавіла, што выбух на дачы, а за тры тыдні да гэтага інцыдэнту стральба па агароджы гэтага ж дома з абрэзу паляўнічай стрэльбы «ІЖ-12», былі ўчыненыя жыхаром Гомельскага раёна. У якасці выбуховага прыстасавання была выкарыстана ручная граната «РГД-5». Выбух і абстрэл дачы былога кампаньёна абвінавачваны ўчыніў з хуліганскіх меркаванняў.

Расследаванне выявіла і іншыя крымінальна каральныя дзеянні жыхара Гомельскага раёна. У верасні 2013 года абвінавачваны, пагражаючы нажом, патрабаваў у іншага свайго знаёмага 8 тыс. долараў. Мужчыну давялося тады развітацца са сваім аўтамабілем «Мерседэс Бенц С220 СDI».

Падазроны набываў і захоўваў пісталетныя боепрыпасы, пісталет-кулямёт «Аграм-2000» з глушыцелем. Гэты арсенал быў канфіскаваны па месцы пражывання злачынцы. Пазней мужчына добраахвотна выдаў следству абрэзы стрэльбы «ІЖ-12» і вінтоўкі «Маўзер».

Пісталет-кулямёт «Аграм-2000», агнястрэльная зброя і боепрыпасы будуць знішчаныя па рашэнні суда Гомельскага раёна.

«Пажарнікі» — самае буйное ў сучаснай гісторыі Гомеля крымінальнае фарміраванне, якое ў сярэдзіне 1990-х налічвала да 100 членаў ва ўзросце ад 20 да 25 гадоў. На працягу дзесяці гадоў члены групоўкі займаліся рэкетам прадпрымальнікаў, кантралявалі прастытутак, валютчыкаў, таксістаў. На іх рахунку каля ста цяжкіх злачынстваў, у тым ліку згвалтаванні, рабаванні, махлярства, падпал.

Суды над «пажарнікамі» праходзілі ў Гомелі ў 2004—2010 гадах. У 2010 годзе да 17 і 19 гадоў пазбаўлення волі былі прыгавораныя лідары груповак, якіх затрымалі ў Маскве. Яшчэ каля паўсотні чалавек атрымалі тэрміны ад 3 да 16 гадоў.

Маштабная крымінальная дзейнасць «пажарнікаў» стала магчымай пры бяздзеянні кіраўнікоў праваахоўных органаў Гомельскай вобласці. Некаторыя супрацоўнікі пракуратуры і УУС знаходзіліся на забеспячэнні ў бандытаў. Начальнік крымінальнага вышуку быў прыгавораны да 18 гадоў пазбаўлення волі, некалькі аператыўнікаў — да меншых тэрмінаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?