Ісламскія тэрарысты, якія атакавалі Парыж, карысталіся мабільнай аплікацыяй Telegram для каардынавання дзеянняў.

Telegram — бясплатны месенджар для смартфонаў і іншых прылад, які дазваляе абменьвацца тэкставымі паведамленнямі і медыяфайламі розных фарматаў. Фактычна гэта аналаг скайпа і месенджара фэйсбуку. Сэрвіс арыентаваны на міжнародны рынак, мае мультымоўны інтэрфейс. Аплікацыя фінансуецца заснавальнікам «Укантакце» — Паўлам Дуравым. Акаўнты карыстальнікаў прывязваюцца да тэлефонных нумароў. 

Ужо не аднойчы сацыяльныя сеткі даказвалі нам, што мы не абароненыя ад узлому і нашыя дадзеныя могуць быць у любы час выкарыстаны ў чужых мэтах. Ісламскія тэрарысты гэта ўлічваюць. Telegram мае розныя магчымасці для бяспечных спосабаў перадачы інфармацыі.

Менавіта ў «Тэлеграме» ісламісты ў агульным чаце заявілі, што «14 лістапада стане 11 верасня для Францыі», і паабяцалі, што наступныя мэты — Рым, Лондан і Вашынгтон.

Дзейнасць ісламістаў у сацыяльных сетках адсочваюць спецыяльныя цэнтры ў Еўропе і ЗША. У рэжыме рэальнага часу яны праводзяць маніторынг і шукаюць матэрялы, звязаныя з ісламістамі — перапіскі, фота і відэа.

Цяпер у Telegram больш за 30 каналаў джыхадзістаў, з дапамогай якіх транслююцца паведамленні на арабскай, англійскай, французскай, нямецкай, турэцкай, курдскай, інданезійскай, баснійскай, рускай, бенгальскай мовах і мове урду. Для параўнання: у аднаго з папулярных англамоўных каналаў баевікоў — больш за 10500 падпісчыкаў, а ў яго рускамоўнага аналага — больш за тры тысячы.

Ісламісты выкарыстоўваюць Telegram для выкупу палонных. Яны робяць абмежаваныя па часе прапановы і ўказваюць нумар у «Tэлеграме», па якім можна звязацца з тэрарыстамі.

Дык чаму яны выкарыстоўваюць Telegram? Бо гэта самая бяспечная сацыяльная сетка для іх. Facebook, YouTube і Twitter актыўна выдаляюць усю іх дзейнасць, якую яны вядуць на іх платформах.

Адміністрацыя Telegram не робіць ніякіх крокаў для барацьбы з тэрарыстамі: у афіцыйным FAQ месенджара паведамляецца, што адміністрацыя выдаляе супрацьпраўны публічны кантэнт, да якога чамусьці адносяцца наборы стыкераў і боты, але ніяк не экстрэмісцкія відэа, фота і аудыёпадкасты.

Аднак блакаванні ніяк не тычацца жывых карыстальнікаў і ўжо тым больш групавых чатаў Channels. Telegram Channels — функцыя стварэння публічных групавых чатаў. А гэта значыць — неабмежаваная колькасць удзельнікаў, спасылку на яго можна апублікаваць дзякуючы пастаяннаму URL, а кожны пост валодае ўласным лічыльнікам праглядаў. Безумоўна, што такія правілы кампаніі цалкам задавальняюць і самае жахлівае — дазвалюць планаваць тэрарыстычныя акты ў розных краінах.

Што тычыцца тэхнічнай часткі забяспечэння аховы дадзеных, то яна зроблена на высокім узроўні. Абсалютна ўся дасыланая ў месенджары інфармацыя аўтаматычна абаронена пратаколам MTProto, прыдуманым братам Паўла Дурава. Усе паведамленні праходзяць некалькі ўзроўняў шыфравання на стадыях адпраўкі на сервер і ад карыстальніка да карыстальніка. Больш за тое, у 2013 годзе ў Telegram з'явілася опцыя Secret Chats, дзе толькі адпраўнік і атрымальнік паведамленняў валодаюць супольным ключом для іх расшыфроўкі. Сама перапіска пры гэтым трапляе на сервер ва ўжо зашыфраваным выглядзе.

У некаторых краінах ужо даўно робяцца спробы блакавання «Тэлеграма». Сам жа Павал Дураў лічыць, што «Тэлеграм» не вінаваты, бо тэрарысты знайшлі б іншыя спосабы перадачы і шыфравання інфармацыі. Пры гэтым палітыка кампаніі не мяняецца — перапіску ісламістаў яны не выдаляюць, схаваныя перапіскі не ўзломваюць. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?