Амаль 430 прапаноў паступіла ад жыхароў беларускай сталіцы па горадабудаўнічым праекце «Генеральны план Мінска (карэкціроўка)». Аб гэтым паведаміў старшыня камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама Павел Лучыновіч сёння на аператыўнай нарадзе ў мэрыі.

Грамадскае абмеркаванне стратэгічнага для сталіцы дакумента праводзіла УП «Мінскграда» з 12 кастрычніка па 13 лістапада. «Гэта ў тры разы даўжэй, чым таго патрабуе заканадаўства. Акрамя таго, абмеркаванне было прадоўжана яшчэ на тыдзень у сувязі з высокай цікавасцю мінчан», — заўважыў кіраўнік профільнага камітэта мэрыі.

Паводле яго слоў, у абмеркаванні генплана прыняло ўдзел амаль 3 тыс. чалавек. Кожны дзень прэзентацыю наведвала амаль 100 чалавек. «Была заведзена кніга для прапаноў і заўваг. У пісьмовым выглядзе паступіла 428 прапаноў, у тым ліку ў форме асобных пісем — 103 прапановы. Таксама паступілі 2 пісьмовыя калектыўныя звароты, якія датычыліся экалагічнай праблематыкі, зносу сядзібнай забудовы», — праінфармаваў Павел Лучыновіч.

Дзве трэці прапаноў складаюць пытанні зносу, захавання сядзібнай забудовы, 5 працэнтаў - зносу шматкватэрных малапавярховых дамоў. Акрамя таго, мінчан цікавяць пытанні тэрмінаў зносу, атрымання дазволаў на рэканструкцыю і добраўпарадкаванне сядзібнай забудовы, а таксама прадастаўлення розных відаў кампенсацыі за жыллё, якое зносіцца.

«Мінскграда» і камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама завяршылі распрацоўку генплана сталіцы з улікам пастаўленых кіраўніком дзяржавы задач. Гэтыя задачы знайшлі адлюстраванне ў праектных рашэннях плана. Сярод прыярытэтных Павел Лучыновіч назваў скарачэнне да 2019 года штогадовых аб'ёмаў будаўніцтва жылля да 600 кв.м і будаўніцтва жылля за кошт развіцця гарадоў-спадарожнікаў для 100-120 тыс. жыхароў горада, выключэнне для горадабудаўнічага выкарыстання існуючых у межах горада сельскагаспадарчых зямель. Таксама прадугледжваецца эфектыўнае выкарыстанне існуючых вытворчых плошчаў вытворчых прадпрыемстваў, мадэрнізацыя, трансфармацыя, развіццё і стварэнне новых, у асноўным у заходнім сектары Мінска, паколькі ў гэтым сектары горада сканцэнтраваны асноўныя працоўныя рэсурсы. Прадугледжваецца рэканструкцыя малапавярховай сядзібнай забудовы з вялікім фізічным зносам, развіццё транспартнай інфраструктуры горада.

«Цяпер атрыманы ўзгадненні амаль усіх зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў. Ідзе работа з Мінаблвыканкамам і Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва. Складзены графік узгаднення зацвярджэння генплана», — сказаў старшыня камітэта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?