Суд Навабеліцкага раёна Гомеля 16 лістапада вынес прысуд былому загадчыку дыспансернага аддзялення Гомельскай абласной клінічнай псіхіятрычнай бальніцы. Па сукупнасці артыкулаў за атрыманне хабару і службовую падробку доктар пакараны чатырма гадамі пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, але па амністыі тэрмін пакарання скарочаны на адзін год. 

Доктар быў затрыманы ў сваім працоўным кабінеце пасля атрымання хабару ў памеры 200 долараў. Незаконная ўзнагарода прызначалася за афармленне фіктыўнага медыцынскага заключэння аб адсутнасці супрацьпаказанняў да кіравання аўтатранспартам і выдачу адпаведнага дакумента. Усяго было зафіксавана 12 эпізодаў супрацьпраўнай дзейнасці медыка. 

«Хабары давалі не толькі грашыма, але і садавінай, цукеркамі, мясам. Самы буйны хабар — 200 долараў, іншыя хабары складалі 500-700 тыс. рублёў. Усе незаконныя просьбы пацыентаў датычыліся допуску да кіравання. Пазней двое грамадзян, якія давалі хабар, паўторна прайшлі камісію, і стала вядома, што яны не маюць права па стане псіхічнага здароўя кіраваць транспартам. У праваахоўныя органы паступіла ананімнае паведамленне, што доктар бярэ хабар, таму праводзілася аператыўная праца. На аўдыя і відэа зафіксавана, як загадчык аддзялення намякаў на даванне хабару, каб спрыяльна вырашыць пытанне», — пракаментаваў БелаПАН памочнік пракурора Гомеля Вячаслаў Балоцін, які падтрымліваў абвінавачанне ў судзе. 

Падчас следства на глебе апошніх падзей у доктара адбыўся нервовы зрыў, але экспертыза прызнала яго ў стане свядомасці. На судзе загадчык аддзялення поўнасцю прызнаў сваю віну. Прысуд пакуль не набыў законную моц.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?