Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з Архіепіскапам Мітрапалітам Мінска‑Магілёўскім Тадэвушам Кандрусевічам. Аляксандр Лукашэнка агледзеў адрэстаўрыраваныя размалёўкі храма, якія аднаўляліся на працягу некалькіх гадоў пры падтрымцы дзяржаўных уладаў.
У час наведвання касцёла адбылася размова Аляксандра Лукашэнкі і Тадэвуша Кандрусевіча ў фармаце сам‑насам.
Прэзідэнт Беларусі і кіраўнік Мінска‑Магілёўскай архіепархіі РКЦ абмяняліся падарункамі. Кіраўніку дзяржавы быў уручаны памятны медаль, у сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка падараваў архікафедральнаму касцёлу карціну «Касцёл у Жупранах» мастака Эдуарда Рымаровіча (на карціне адлюстраваны каталіцкі храм у гонар святых апосталаў Пятра і Паўла ў Ашмянскім раёне).
Рымска‑каталіцкая канфесія — другая па велічыні ў Беларусі. Цяпер у краіне налічваецца 457 каталіцкіх прыходаў, аб’яднаных у чатыры епархіі.