Праязныя квіткі на грамадскі транспарт Мінска на 10, 15 і 30 дзён неўзабаве можна будзе купіць з любой даты. Пра гэта паведаміла намеснік генеральнага дырэктара па эканоміцы дзяржаўнага прадпрыемства «Мінсктранс» Ірына Якубоўская.

У мэтах далейшага развіцця аўтаматызаванай сістэмы, прызначанай для аплаты і кантролю аплаты праезду, і ўдасканалення дзеючай тарыфнай палітыкі «Мінсктранс» і распрацоўшчыкі сістэмы ствараюць тэхнічныя рашэнні, якія дазволяць прапанаваць пасажырам новыя віды праязных квіткоў.

Так, мінчукі змогуць скарыстацца ўдасканаленымі праязнымі квіткамі на месяц, паўмесяца і дэкаду. У цяперашні час купля існуючых праязных квіткоў абмежаваная каляндарным перыядам часу: напрыклад, праязны на месяц сапраўдны толькі з 1-га чысла, на паўмесяца — з 1-га і з 15-га чысла. У хуткім часе праязныя квіткі на 10, 15 і 30 сутак можна будзе набываць з любой даты (па жаданні пасажыра) на адзін, два, тры і чатыры віды транспарту з рознымі іх камбінацыямі. Карыстацца ўдасканаленымі праязнымі можна будзе на працягу аплачанага перыяду часу з моманту актывацыі бескантактавай смарт-карты ў месцах рэалізацыі.

Адсутнасць жорсткай прывязкі да тэрмінаў рэалізацыі дазволіць пасажырам набываць праязныя квіткі ў любы час, арыентуючыся на тэрміны паступлення грашовых сродкаў (атрыманне заработнай платы, стыпендыі, пенсіі і інш.). Пры гэтым падыход да вызначэння кошту білетаў застанецца ранейшым, распавяла намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства.

«Новаўвядзенне накіравана на павышэнне якасці аказваемых паслуг пасажырам і робіць сістэму аплаты гнуткай», — падкрэсліла яна. Плануецца, што ўдасканаленыя праязныя з'явяцца ў продажы да канца бягучага года.

У больш аддаленай перспектыве «Мінсктранс» разглядае магчымасць укаранення кароткатэрміновых праязных білетаў — на суткі, на паўгадзіны і на гадзіну.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?