Сёньня Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі на базе Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце РБ зладзіў круглы стол па пытаньню БНР.

У працы круглага стала прынялі ўдзел гісторыкі Мікалай Сташкевіч, Уладзімер Ляхоўскі, Валянцін Мазец, Мікалай Сьмяховіч, Сяргей Трацяк. Вёў мерапрыемства сакратар ЦК БРСМ Максім Борд.

Галоўнай прычынай чаму БРСМ пайшоў на арганізацыю такога круглага стала 90-годзьдзе абвяшчэньня незалежнасьці БНР, а таксама тое, што «сярод моладзевай аўдыторыі не заўсёды ёсьць яснае і аб’ектыўнае разуменьне дадзеных гістарычных падзеяў».

Паводле паведамленьня афіцыйнага сайту БРСМ, удзельнікі сустрэчы сышліся, што «Рада БНР ня мела рэальнай палітычнай улады. Асноўная праблема БНР была ў тым, што яна ня мела шырокай сацыяльнай базы».

Варта адзначыць, што ўчора ў перадачы «Панарама тыдня» быў паказаны вялікі (хвілінаў на 20) рэпартаж пра 90-ыя ўгодкі абвяшчэньне незалежнасьці БНР. Як падалося, журналісцкі матэрыял быў абсалютна нэўтральным. Былі запрошаныя гісторыкі з абсалютна рознымі поглядамі на тыя падзеі.

У перадачы як аксіёма прымаўся той факт, што БНР было першай спробай утварэньня незалежнай дзяржавы на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У адрозьненьні ад мінулых гадоў, адзначалася, што ліст кайзэру Вільгельму падтрымалі далёка ня ўсе сябры Рады. Некалькі разоў было сказана, каб не БНР, то не было б і БССР.

Расказаў журналіст і пра дзейнасьць Рады БНР аж да сёньняшняга дня, а лёс многіх бацькоў-заснавальнікаў краіны назваў трагічным. Напрыканцы было праведзенае апытаньне менчукоў, ці ведаюць яны, што такое БНР?

Яшчэ напярэдадні круглы стол па пытаньню БНР быў праведзены ў рэдакцыі Советской Белоруссии». Прычым, і гэты матэрыял носіў нэўтральны характар.

Уявіць нешта падобнае яшчэ пару гадоў таму было нерэальна. Тады перад Днём Волі дзяржаўныя СМІ пачыналі паліваць брудам, як дату 25 Сакавіка, так і заснавальнікаў БНР.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?