Еўрапейская камісія накіравала лісты ўсім міністрам замежных спраў краін Еўрапейскай палітыкі суседства (ЕПС) з нагоды далейшага супрацоўніцтва па пераглядзе гэтай палітыкі Еўрасаюзам.
Пра гэта ў сераду ў Бруселі на прэс-канферэнцыі паведаміў еўрапейскі камісар па пытаннях еўрапейскай палітыкі суседства і перамоў па пашырэнні Яханэс Хан.
«Толькі што мы праінфармавалі лістом усіх міністраў замежных спраў з суседніх краін (адносна напрацаваных прапаноў перагляду ЕПС) і запрасілі кантактаваць з намі, каб працаваць на аснове дакументаў, вызначаючы агульныя асновы для паглыбленага супрацоўніцтва», — сказаў ён.
Як адзначыла Вярхоўны прадстаўнік ЕС па пытаннях знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі Федэрыка Магерыні, прынятыя Еўрапейскай камісіяй прапановы па пераглядзе ЕПС «адкрываюць дарогу да абсалютна новай фазы нашай палітыкі». Паводле яе слоў, новае разуменне ЕПС «павінна быць адлюстраванае ў змене палітыкі і інструментаў».
«Ад міграцыі да бяспекі, тэрарызму, ад энергетыкі, эканомікі, стварэння новых працоўных месцаў, абмену людзьмі — у нас шмат сумеснай працы, якую неабходна зрабіць з нашымі партнёрамі», — падкрэсліла яна.