Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў, Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь і Польскі Інстытут у Мінску абвяшчаюць пяты сезон Літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца.

Сёлета журы прэміі будзе працаваць паводле новага прынцыпу: асноўныя рашэнні будуць прымацца згодна з кансэнсусам. Галасаваннем будуць вырашацца толькі спрэчныя пытанні па доўгім і кароткім спісах, пераможцы ж будуць вызначацца толькі кансэнсусам сябраў журы. Сябры журы складуць фармулёўку, за што кнізе прысуджаецца I месца. Журы прэміі будзе названае ў снежні.

Узнагароды, якія чакаюць трох найлепшых, паводле меркавання журы, празаікаў:

— чэк на суму, эквівалентную 10 000 еўра, ад «Ідэя Банк» — для першага месца;

— творчая стыпендыя ў Доме творчасці пісьменнікаў (г. Вісбю, Готланд, Швецыя) — для другога месца;

— творчая стыпендыя ў Вентспілсе (Латвія) — для трэцяга месца.

Кнігі для ўдзелу ў конкурсе можна даслаць да 31 студзеня 2016 года праз афіцыйны сайт Прэміі, на паштовы адрас: 220050, Мінск, п/с 218, а таксама на электронны адрас: [email protected]. Заяўка мусіць утрымліваць наступныя звесткі: 

а) інфармацыя пра намінатара, што вылучае твор на Прэмію: кантактныя нумары тэлефонаў і адрасы;

б) кароткая творчая біяграфія аўтара альбо ўсіх суаўтараў, калі твор напісаны ў суаўтарстве;

в) анатацыя кнігі;

г) урывак да 10 тысячаў знакаў, які будзе размешчаны на сайце Прэміі;

д) пажадана — адрасы крамаў, дзе можна набыць кнігу, ці спасылкі, па якіх яе можна спампаваць у электронным варыянце.

Да заяўкі неабходна далучыць 7 асобнікаў у папяровым і 1 асобнік у электронным варыянце. Заяўкі без электроннай версіі і 7 асобнікаў кнігі прымацца да ўдзелу ў конкурсе не будуць.

Прэмія імя Ежы Гедройца ўручаецца з 2012 года. Папярэднія пераможцы Прэміі: Павал Касцюкевіч з кнігай «Зборная РБ па негалоўных відах спорту» (2012), Уладзімір Някляеў з кнігай «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» (2013), Ігар Бабкоў з кнігай «Хвілінка: Тры гісторыі» (2014), Віктар Казько з кнігай «Час збіраць косці» (2015).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?