Кубак еўрапейскіх чэмпіёнаў па футболе будзе выстаўлены ў Барысаве 19—22 лістапада.
«Усе заўзятары «жоўта-сініх» атрымаюць магчымасць ужывую ўбачыць галоўны трафей Лігі чэмпіёнаў, а таксама сфатаграфавацца з самай пазнавальнай рэліквіяй сусветнага клубнага футбола. УЕФА пайшоў насустрач ФК БАТЭ як рэгулярнаму ўдзельніку Лігі чэмпіёнаў і задаволіў просьбу прадаставіць легендарны кубак на часовае захоўванне», — гаворыцца ў паведамленні футбольнага клуба.
19 лістапада з 11.00 да 17.00 кубак будзе выстаўлены ў холе актавай залы завода БАТЭ.
20 лістапада з 16.00 да 17.30 трафей прадставяць на агляд на барысаўскім гарадскім стадыёне перад матчам БАТЭ — «Граніт» у межах Кубка Беларусі.
У выхадныя, 21 і 22 лістапада, з 10.00 да 18.00 кубак будзе даступны для агляду і сумесных фота каля віп-уваходу «Барысаў-Арэны». Прыз таксама пабывае на базе БАТЭ ў Дудзінцы.
24 лістапада БАТЭ правядзе на сваёй арэне матч пятага тура групавога этапу ЛЧ супраць нямецкага «Баера».