Сёньня ў Жодзіне судзьдзя Тацяна Трацюк пакарала зьняволеньнем на сем сутак чатырох арганізатараў сьвяткаваньня Дня Волі.

Асуджаныя — Юрась Жылко, Павал Красоўскі, Юрась Сілкін. Яны, а таксама Аляксандар Камароўскі, правялі мінулую ноч у мясцовым ізалятары часовага ўтрыманьня.

Міліцыянты затрымалі іх напярэдадні на вулічнай акцыі, прымеркаванай да 90‑годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. У нядзелю больш як 50 чалавек прайшлі ў калёне ад гарадзкога парку да стэлы «Героі жывуць вечна».

У Кастрычніцкім райаддзеле міліцыі Віцебску знаходзяцца кіраўнік гарадзкой арганізацыі «Моладзі БНФ» Аляксандар Кузьняцоў і тры непаўналетнія дзяўчыны Юлія Міхайлава і сёстры Вікторыя і Хрысьціна Чыжы.

Яны разгарнулі бел‑чырвона‑белы сьцяг і прайшлі зь ім дзясятак мэтраў уздоўж плошчы Леніна. Супрацоўнікі міліцыі гвалтам зацягнулі дзяўчат у машыну, не патлумачыўшы прычын затрыманьня. Таксама быў затрыманы Аляксандар Кузьняцоў.

У пастарунку цяпер знаходзіцца бацька Юліі Міхайлавай, аднак міліцыянты не дапусьцілі яго на разгляд справы дачкі.

Усе чацьвёра маладых людзей удзельнічалі ў акцыі, якая прайшла ў Віцебску каля помніка Ўладзімеру Караткевічу. Там сабралася каля трох дзясяткаў чалавек. Яны ўсклалі кветкі да помніка і прасьпявалі гімн БНР «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Акцыя была прымеркаваная да 90‑х угодкаў з дня абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

«Радыё Свабода»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0