На гэтым тыдні кіраўнік справамі прэзідэнта Беларусі Віктар Шэйман наведаў Зімбабвэ і правёў перамовы з прэзідэнтам гэтай афрыканскай краіны, паведамляюць мясцовыя СМІ. Яны называюць Шэймана выключна «генералам» і «пасланнікам Аляксандра Лукашэнкі».
Ключавымі сталі перамовы за зачыненымі дзвярыма Шэймана з прэзідэнтам Робертам Мугабэ ў яго рэзідэнцыі ў Харарэ (сталіца Зімбабвэ).
Бакі абмеркавалі «шырокае кола пытанняў, якое адносіцца да далейшага развіцця адносінаў паміж дзвюма краінамі ў галіне будаўніцтва транспартнай інфраструктуры, навучання персаналу, здабычы карысных выкапняў і паставак абсталявання і тэхнікі для сельскай гаспадаркі і прамысловасці».
Віктар Шэйман перадаў Мугабэ запрашэнне наведаць Беларусь у красавіку наступнага года.
«Мы абмеркавалі пытанні супрацоўніцтва ў галіне электраэнергетыкі, будаўніцтва дарог, дамоў і мастоў. Акрамя таго, былі абмеркаваны магчымасці навучання зімбабвійскіх студэнтаў у многіх універсітэтах Беларусі. Мы збіраемся пашырыць двухбаковае супрацоўніцтва», — сказаў Шэйман па выніках перамоваў.
Зрэшты, адным з ключавых пытанняў было выкананне буйнога кантракту на пастаўку ў Зімбабвэ беларускай тэхнікі. У ходзе візіту віцэ-прэзідэнта Зімбабвэ Эмерсана Мнангагвы ў Беларусь у ліпені абмяркоўвалася магчымасць пастаўкі тэхнікі МАЗ, МТЗ, «Амкадор», БелАЗ на агульную суму 150 млн даляраў. «У бліжэйшы час будзе падпісаны кантракт. Акрамя пастаўкі машын, мы створым тут сэрвісны цэнтр, вывучым мясцовых спецыялістаў працы з беларускай тэхнікай», — сказаў Шэйман.
Акрамя таго, падчас візіту Зімбабвэ і Беларусь падпісалі пагадненне аб стварэнні сумеснага прадпрыемства па здабычы золата. У адпаведнасці з дамовай Беларусь будзе пастаўляць горна-шахтавае абсталяванне ў гэтую афрыканскую краіну і забяспечваць асваенне ўчастка з прыроднымі выкапнямі.
Варта адзначыць, што Віктару Шэйману, які знаходзіцца пад санкцыямі Еўрасаюза, даручана выбудоўваць адносіны з некаторымі лацінаамерыканскімі краінамі, у прыватнасці, Венесуэлай і Балівіяй. У першай краіне ён атрымаў поспех, за што Уга Чавес узнагародзіў Шэймана ордэнам «Зорка Карабоба».
***
Зімбабвэ — адна з самых бедных краін Афрыкі і краіна з самай высокай афіцыйна зафіксаванай інфляцыяй. З-за таго, што зімбабвійскі даляр неаднаразова дэвальваваўся (у 2008 годзе ў зварот паступіла банкнота наміналам у 100 трыльёнаў долараў), у красавіку хаджэнне нацыянальнай валюты было спынена. Жыхары краіны з тых часоў расплачваюцца далярамі ці валютамі суседніх дзяржаў з больш стабільнымі эканомікамі. Роберт Мугабэ ўжо 35 гадоў кіруе краінай.