Жорсткая грашова-крэдытная палітыка, якая рэалізуецца ў Беларусі, негатыўна адбіваецца на рэальным сектары эканомікі. Да такой высновы прыйшлі эксперты Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР), пункт гледжання якіх прыводзіцца ў апошнім выпуску макраэканамічнага дайджэста банка.

Аналітыкі банка канстатуюць, што ў кастрычніку 2015 года аб'ём прамысловай вытворчасці ў Беларусі быў на 7,1% меншы ў параўнанні з аналагічным месяцам мінулага года. У прыватнасці вытворчасць у здабыўных галінах знізілася ў параўнанні з кастрычнікам 2014 года на 7,1%, у апрацоўчых галінах — на 7,7%.

Зніжэнне аб'ёмных паказчыкаў у прамысловасці абумоўленае жорсткай грашова-крэдытнай палітыкай, якую з пачатку гэтага года праводзіць Нацыянальны банк Беларусі, мяркуюць эканамісты ЕАБР. «Жорсткая грашовая палітыка Нацбанка, адлюстраваннем якой з'яўляецца адноўленае зніжэнне грашовых агрэгатаў, садзейнічае стабілізацыі тэмпаў росту цэн, аднаўленню стабільнасці нацыянальнай валюты і некатораму росту міжнародных рэзерваў, але робіць негатыўны ўплыў на рэальную актыўнасць у эканоміцы», — гаворыцца ў дайджэсце. 

Нагадаем, з пачатку 2015 года Нацыянальны банк прытрымліваецца рэжыму манетарнага таргетавання, скіраванага на абмежаванне грашовай прапановы з мэтай запавольвання інфляцыйных працэсаў. 

У 2016 годзе рэгулятар мае намер працягваць выкарыстоўваць рэжым манетарнага таргетавання для кантролю над інфляцыяй. Згодна з планамі Нацбанка, шырокая грашовая маса ў наступным годзе можа вырасці на 16—20%, а інфляцыя — запаволіцца да 12%. 

У сваю чаргу Міністэрства эканомікі Беларусі прагназуе, што ў наступным годзе на фоне выхаду эканомікі Расіі з рэцэсіі ўдасца палепшыць паказчыкі працы прамысловасці. Рост аб'ёму прамвытворчасці ў наступным годзе можа скласці 0,2%, а экспарт тавараў і паслуг — вырасці на 3,5%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?