36-гадовая жыхарка Віцебска пазнаёмілася з двума мужчынамі. Аднаму было 37, другому — 24. Новыя знаёмыя нярэдка бавілі час разам. А праз некаторы час адзін з мужчын папрасіў гэтую знаёмую падвезці яго «па справах». Малады чалавек растлумачыў жанчыне, што нібыта менавіта ў гэтым месцы яму неабходна вырашыць пэўныя пытанні па бізнесу са сваімі партнёрамі. Акрамя таго, мужчына распавёў, што другі іх ўжо знаходзіцца ў паказаным месцы, і неабходна прыехаць як мага хутчэй. Жанчына пагадзілася дапамагчы.

Яны прыехалі на месца і пачалося «кіно». Мужчыны з кімсцьці эмацыйна гаварылі, імітуючы «разборку», а затым паведамілі, што неабходна тэрмінова з’ехаць. Адзін з іх сеў у аўто сяброўкі, саму яе перасадзілі ў іншую машыну – нібыта, так было патрэбна для бяспекі. А затым мужчыны паспрабавалі пераканаць жанчыну, што адзін з іх збіў чалавека на яе аўтамабілі. Прычым яны пераканалі перапалоханую жанчыну ў тым, што пацярпелы дакладна загінуў, і яна, як уладальнік аўтамабіля, панясе крымінальную адказнасць за смерць чалавека. Праўда, паведамілі «сябры», яны ўсё ж могуць «дапамагчы» і «вырашыць пытанне». Для гэтага трэба перааформіць машыну на аднаго з іх, каб потым разабраць аўто і прадаць па запчастках. Таксама мужчыны запэўнілі, што пазбавяцца ад трупа, але жанчыне прыйдзецца аплаціць выдаткі.

Знаходзячыся ў стане шоку, жанчына перадала знаёмым ключы, дакументы на аўтамабіль і больш за 2000 долараў. Затым мужчыны зніклі. А праз некаторы час падманутая кабета ўбачыла свой аўтамабіль, досыць рэдкай маркі і мадэлі, у новага ўладальніка. Адшукаўшы пакупніка сваёй машыны і пагаварыўшы з ім, жанчына нарэшце зразумела, што стала ахвярай ашуканцаў.

Яна звярнулася ў міліцыю. Мужчын знайшлі. Высветлілася, што абодва яны ўжо мелі судзімасці. Старэйшы – за махлярства і вымагальніцтва, малодшы – за крадзеж і рабаванне. Абодва яны змешчаныя пад варту.

Тыя самыя «знаёмыя»

Тыя самыя «знаёмыя»

Але следчыя і супрацоўнікі міліцыі мяркуюць, што падазраваныя асобы могуць быць датычныя да здзяйснення іншых злачынстваў на тэрыторыі Віцебскай вобласці. Таму, калі вы маеце якую-небудзь інфармацыяй аб асобах, прадстаўленых на фотаздымках, альбо пацярпелі ад іх злачынных дзеянняў, паведаміце аб гэтым па тэлефонах 80212 36-50-44, 80212 37-00-40, альбо прыходзьце па адрасе горад Віцебск, вул. Касманаўтаў д.3.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?