17 кастрычніка мінулага года на ўскрайку Жлобіна знайшлі згарэўшы белы «Жыгулёнак». У ім ляжалі тры абгарэлыя трупы.

Высветлілася, што загінула цэлая сям’я: 53-гадовы Уладзімір Анкоўскі, яго жонка, 49-гадовая Валянціна і іх 30-гадовы сын Мікалай. Усе яны жылі ў Жлобіне.

Следчыя завялі крымінальную справу па забойстве. Хутка, ўжо праз суткі, з’явіліся і першыя падазраваныя — малодшы сын забітых і яго нявестка, жонка забітага брата.

Высветлілася, што на забойства сваякоў іх штурхнула каханне.

Аляксандру і Рубіне было па 22 гады. Абое яны, як і іх загінулыя сваякі, – з народу рома, ці, прасцей кажучы, цыганы. Абое маюць адукацыю шэсць класаў. Жылі вялікай сям’ёй усе разам, і бацькі, і два браты, старэйшы з якіх, Мікалай і быў жанаты з Рубінай. У іх было двое маленькіх дзяцей. Аляксандр, малодшы брат, таксама быў жанаты, і меў ажно траіх малых дзяцей, але ж са сваёй жонкай не жыў.

Нечакана паміж Аляксандрам і Рубінай успыхнулі пачуцці. Па словах суседзяў, прычынай здрады мужу мог быць і прыняты ў цыганаў ранні шлюб – Рубіна афіцыйна не была замужам, але жыла з Мікалаем з 14 гадоў.

Рубіна на лаве падсудных. фота «Гомельская праўда»

Рубіна на лаве падсудных. фота «Гомельская праўда»

Пра стасункі даведаліся бацькі. Само сабой, яны выказаліся супраць. І пара не прыдумала нічога лепшага, як забіць усіх сваіх сваякоў. Іх па чарзе выводзілі у двор, дзе да смерці забівалі палкай і нажом, паведамляў в.а. начальніка крымінальнай міліцыі Жлобінскага РУУС Дзмітрый Татарынаў. Затым целы закінулі ў ВАЗ «шасцёрку», адвезлі ў лес і падпалілі разам з машынай.

Аляксандр. фота «Гомельская праўда»

Аляксандр. фота «Гомельская праўда»

Спачатку Аляксандр і Рубіна спрабавалі пераканаць следчых, што адчуваюць боль і смутак па загінулых сваяках. Аднак пад ціскам доказаў і ўлік стала зразумела, што забойства – іх справа.

19 лістапада гэтага года Гомельскі абласны суд пачаў слуханні крымінальнай справы па трайным забойстве. Судовае паседжанне па хадайніцтве абвінавачаных пройдзе ў закрытым рэжыме. Пра гэта прасілі самі абвінавачаныя, матывуючы гэта нежаданнем, каб пры прысутных агучваліся падрабязнасці іх асабістага жыцця. За забойства траіх чалавек Аляксандру пагражае смяротнае пакаранне. Беларускае заканадаўства не прадугледжвае такое ж пакаранне для жанчын, таму Рубіна можа атрымаць максімум - 25 гадоў пазбаўлення волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?