Філіпінскі рэжысёр Брыянтэ Мендоса, лаўрэат шматлікіх міжнародных кінафестываляў, на сёлетні «Лістапад» прыехаў ужо другі раз. Так, у якасці сябры кінафоруму і ганаровага госця, але і як вядомы ў свеце дзейны кінематаграфіст, чыя апошняя стужка «Пастка» была ўганараваная адзнакай Экуменічнага журы на Канскім МКФ гэтага года.

Рэжысёр не толькі прэзентаваў сваю работу, але даў адкрыты майстар-клас, распавёўшы пра тое, якім чынам ён робіць свае кіно, якое, прынамсі, нягледзячы на прызнанне кінасвету, не мае вялікіх бюджэтаў.

Якім жа чынам яно ствараецца? Адштурхоўваючыся ад ідэі, рэжысёр плённа працуе над гісторыяй, сцэнаром, а потым далучае да гэтай асновы натуральны асяродак — месца, дзе будзе здымацца карціна. Прычым задзейнічае ў кіно не толькі прафесійных акцёраў, але і аматараў, жыхароў горада, якія адчуваюць далучанасць да дзеяння праз гісторыю. У прыватнасці, так адбылося на здымках «Пасткі», што распавядае пра наступствы тайфуну «Хаян», які абрынуўся на Філіпіны ў лістападзе 2013 года.

Жыхары горада Таклабан, якія пацярпелі ад навалы найболей, ахвотна бралі ўдзел у здымках фільма філіпінца, разумеючы, што фільм майстра — у першую чаргу пра іх.

Кіно Брыянтэ — гэта «тканіна» свету, у якую лінію свайго лёсу ўплятаюць героі. І «Пастка» — гэта фільм-прысвячэнне свайму народу, карціна, якая разважае над тым як «утрымацца на плаву» пасля катастрофы, і як жыць далей, захоўваючы сэрца і гонар.

— Брыянтэ, назву вашага фільма — «Пастка» — можна прачытаць і як пастка катастрофы, у той жа час — і як пастка радзімы

— Усё верна. Гэта можа быць пастка і таму, што ў людзей не засталося выбару ў гэтай сітуацыі. Таксама пастка — бо яны знаходзяцца на гэтай выспе, праз якую прайшоў тайфун. Мы такая ж краіна як і Японія, дзе тайфуны і падобнага кшталту катастрофы здараюцца ўвесь час. Як людзі ўспрымаюць навалу, як яны і ўлады здольныя даць рады бядзе, будучы пастаянна пад уздзеяннем гэтай прыроднай з’явы — тыя пытанні, якія мяне хвалююць. Так, пастка — гэта і пастка лёсу ў той жа час. Што застаецца персанажам фільма? Яны робяць тое, што павінны рабіць, які выбар у іх ёсць? Так, гэтая назва — метафара, і яе прачытанне залежыць ад многіх рэчаў, у тым ліку ад таго, як вы ўспрымаеце, бачыце гісторыю і ўвесь свет.

— На майстар-класе вы адзначылі, што перш, чым рабіць кіно, вы падрабязна даследуеце тэму, якой прысвечаны фільм. Цікава, якім чынам вы абіраеце сваіх герояў? Што ў пэўнай гісторыі вас павінна зачапіць, каб вы вырашылі перавесці яе на мову кіно?

— Не так важна абраць верную гісторыю, бо гісторый, насамрэч, мноства. Усе яны ўжо расказаныя ў гісторыі кіно, на маю думку. Гісторыі — яны паўсюль. Галоўнае ў кіно, на мой погляд, — тыя персанальныя пытанні, якія вы задаяце ў карціне. Цікава, як вы спасцігаеце, прысвойваеце, пазначаеце тую гісторыю, якая вам трапілася. Я не здымаю фільм проста дзеля таго, каб зняць. Так, дзеля забаўкі. Для мяне надзвычай важна ўзняць сацыяльныя пытанні. Ды прыкладу, пытанні карупцыі, правасуддзя. Паказаць праявы карупцыі праз будзённыя справы — вось што мяне цікавіць. Інкарпараваць гэтыя праблемы ў тыя гісторыі, якія навокал нас, і паўплываць на іх вырашэнне — вось тое, што мяне натхняе. Напэўна, зварот да праблем, пастаноўка сацыяльных пытанняў у гісторыях звычайных людзей і робіць мае фільмы адрознымі.

Тут і ніжэй — кадры з фільма «Пастка»

Тут і ніжэй — кадры з фільма «Пастка»

— У той жа час вашы карціны неймаверна жывапісныя, нельга гэтага не адзначыць. Яны знятыя неймаверна. І гэты антураж гісторыі — сама прырода філіпінскага краю: колеры неба, мора, натуральнае святло… У гэтым асяродку вы паказваеце жыццё простых людзей, без прыўкрас, такое, якое яно ёсць, дзіўным чынам спалучаючы прыгажосць і боль быцця…

— Для мяне ўсё, што вы бачыце на вялікім экране, калі мы кажам пра антураж, рэч другасная. Гісторыі людзей, гісторыя чалавека ў сувязі з Сусветам — вось адпраўны пункт. Толькі так — праз чалавека — узнікае і яго свет. І калі вы расказваеце гісторыю простых людзей і не прыхарошваеце яе, не гламурызуеце – вы акурат і дазваляеце гэтым гісторыям быць.

Я веру, што ў гэтым быцці і ёсць магія — вы бачыце краіну, колеры, атачэнне людзей і іх саміх такімі, якія яны ёсць.

Часам іншыя рэжысёры, кінематаграфісты ці нават самі філіпінцы саромеюцца свайго жыцця. Баяцца паказаць тое, як яны жывуць, у якіх умовах. Маўляў, навошта псаваць імідж Філіпінаў? Адказваю: «Я не паказваю дрэнныя бакі Філіпінаў, я дэманструю рэальнасць, нашу чалавечнасць. Нават калі людзі і робяць штосьці дрэннае, мы можам бачыць іх чалавечнасць, якая ўсіх нас звязвае».

Нарэшце, перажыванні адкуль мы — ці краіна трэцяга свету, ці першага, тая, якая развіваецца, альбо развітая — усё гэта другаснае. Нас злучае далучанасць да чалавецтва, тое, што мы ўсе — людзі, і таму я не баюся паказваць рэалістычныя, і магчыма, часам непрыглядныя, бакі нашага жыцця. І аўдыторыя свету, мне падаецца, адчувае мой пасыл. Вы бачыце атачэнне, так, але таксама, у першую чаргу, вы бачыце людзей, якія жывуць, якія выжываюць. Вы бачыце Філіпіны, але ў той жа час — свет, які становіцца цяпер і часткай вашай свету. 

— Ці адчуваеце вы пагрозу для філіпінскай культуры не толькі з боку прыродных уздзеянняў? Чаго баяцца філіпінцы на ментальным узроўні?

 — На Філіпінах пераважна таму, што маўчым, мы маем сітуацыю такую як зараз. Усе прызвычаіліся. І самая галоўная небяспека, што падобны лад мыслення становіцца часткай жыцця. Мяркую, што ўлады павінны былі зрабіць болей, каб папярэдзіць людзей ад тайфунаў, паводкаў, што становяцца звычкай. Штогод тайфун, штогод паводка… Такая завядзёнка. І ўлады не робяць аніякіх намаганняў, каб пераламіць сітуацыю, і змяніць стаўленне людзей да гэтага як непазбежнасці. Людзі пакінуты самі сабе. Але яны заслугоўваюць большага! Шмат карупцыі ва ўладах, раўнадушша, і ў выніку — народ губляе давер не толькі да ўладаў, але, у тым ліку, да самога сябе. Такая мая думка.

Ды і я свае фільмы раблю без падтрымкі дзяржавы. Проста таму, што лічу важным гэта рабіць. З’яўляюся, у пэўным сэнсе, паслом філіпінскай культуры у свеце, у дадзены момант — у Беларусі, тым не менш, прадастаўлены сам сабе. І я не адзіны ў падобнай сітуацыі. Шмат філіпінцаў працуюць з мяжой, дасылаючы грошы на радзіму, сумуючы па сваіх сем’ях, але ўлады не звяртаюць на гэта ўвагу і не імкнуцца змяніць сітуацыю. Не робяць дастаткова. Шмат рэчаў, шмат праблем… Але, урэшце, кожны з нас, мусіць рабіць тое, што павінны. У маім выпадку — мае фільмы — гэта мой абавязак і прызначэнне. Увогуле, наша работа — гэта і ёсць тое, хто мы ёсць.

— Брыянтэ, на мінскі фестываль вы прывезлі не толькі сваю карціну, але і стужку вашага калегі — маладога рэжысёра Рэмтана С’ега Суасолы «Забойная здзелка», у якой вы выступілі прадзюсарам. На жаль, мне не ўдалося яе ўбачыць, але мае сябры-кінаманы, якія паглядзелі кіно, назвалі карціну цудам на «Лістападзе», кіно-адкрыццём. Як вы знайшлі свайго таленавітага пратэжэ?

— Дзякуй за адзнаку. Вельмі прыемна. Гэты рэжысёр — не пачатковец, у яго паслужным спісе ўжо ёсць некалькі таленавітых работ. А сустрэліся мы з ім пры такіх абставінах: у мяне з’явілася магчымасць знайсці грошы на яго стужку. Патрабавалася штосьці такое, што ўжо можна было б абмяркоўваць, паспрабаваць прадаць. І Рэмтан тады распавёў мне гэту гісторыю, якая здарылася ў яго жыцці — гісторыю кіднэпінгу. Падкрэслю, што сюжэт, расказаны ў карціне, заснаваны на асабістым досведзе Рэмтана. Я адказаў яму: «Выдатна! Гісторыя цікавая. Але як ты плануеш яе распавесці?». «Я хачу зняць яе адным кадрам», — адказаў ён. І гэты падыход мяне задаволіў, бо я ўбачыў, што ў хлопца ёсць свае бачанне.

У выніку, сродкі былі вылучаны і я даў Рэмтану поўную свабоду. І вось — канчатковы прадукт гэтага супрацоўніцтва на вашым фестывалі. На гэтым прыкладзе я проста хачу паказаць, што вельмі важна як вы інтэрпрэтуеце гісторыю, увасабляеце яе ў жыццё. Вяртаючыся да вашага папярэдняга пытання, што ў ёй важна, у гісторыі істотны ваш пасыл, ваш шлях, бачанне гэтай гісторыі. І ў выпадку Рэмтана яго выбар аказаўся верным.

— Наколькі, увогуле, прыклад Рэмтана як прадстаўніка маладога філіпінскага кіно ўнікальны для кінематографа вашай краіны?

— Лічу, што зараз філіпінскае кіно перажывае амаль што свой «залаты век». Калі мы кажам пра незалежны кінематограф, арт-хаўсны, вядома. Ёсць шэраг імён, выдатных праектаў, якія ствараюць славу філіпінскаму кіно. У той жа час, аўдыторыя гэтых фільмаў на маёй радзіме вельмі абмежаваная. Мы цяпер у працэсе фарміравання адпаведнай публікі і нам яшчэ давядзецца папрацаваць.

Так, пакуль масавы глядач глядзіць камерцыйны кінематограф, і гэты працэнт вялікі. Але вось з’яўляюцца такія маладыя кінематаграфісты як Рэмтан — і гэта лічу, пазітыўны знак.

* * *

Брыянтэ Мендоса – рэжысёр трынаццаці карцін, большая частка якіх — лаўрэаты і ўдзельнікі міжнародных кінафестываляў — у тым ліку, у Венецыі, Канах, Берліне, Лакарна, Дубаі. Яго стужка «Сербіс» ў 2008 годзе стала першым філіпінскім фільмам, які ўдзельнічаў у Канскім кінафестывалі з 1984 года. Уладальнік прыза за найлепшую рэжысуру на Канскім МКФ у 2009 годзе — фільм «Бойня». Яго карціна «Чэрава тваё» атрымала дзве прэміі на Венецыянскім кінафестывалі ў 2012 годзе. Пачынаў сваю кар’еру як мастак-пастаноўшчык у кіно і тэатры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?