З укараненнем інфарматызацыі ў ахову здароўя Беларусі ў краіне развіваецца адзіная сістэма тэлемедыцыны, якая скіраваная на абмен інфармацыяй паміж дактарамі.

Пра гэта паведаміў 20 лістапада на прэс-канферэнцыі загадчык аддзялення арганізацыйна-метадычнага суправаджэння інфарматызацыі аховы здароўя Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра медыцынскіх тэхналогій, інфарматызацыі, кіравання і эканомікі аховы здароўя Сямён Палякоў. 

Паводле слоў спецыяліста, цяпер гэтая сістэма абнаўляецца і ў новым фармаце будзе ўяўляць сабою сетку, якая аб'яднае ўсю медыцынскую інфармацыю пра пацыентаў і будзе перадавацца праз спецыялізаваныя цэнтральныя серверы. Дактары могуць дадаваць у гэтую сістэму любую інфармацыю пра сваіх пацыентаў: гісторыю хваробы, амбулаторныя карты, дыягнастычныя даследаванні і г.д. і перадаваць яе калегам у межах медыцынскіх кансультацый. 

«У цэлым гэта тэхналогія адпрацаваная, — сказаў Палякоў. — І калі раней яна была ўкарэненая галоўным чынам у шэрагу раёнаў Гомельскай і Брэсцкай абласцей, найболей пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, то абноўленая сістэма ахопіць усе рэспубліканскія цэнтры і прыкладна 70% абласных, якія займаюцца асноўнымі сацыяльна значнымі захворваннямі: эндакрыналагічнымі, анкалагічнымі, туберкулёзнымі. Таксама ў сістэму будзе ўключана да 50% раённых арганізацый». 

Ён адзначыў, што пакуль гаворка ідзе пра тыя медустановы, якія ўжо цэнтралізавана інфарматызаваныя і аснашчаныя неабходнай камп'ютарнай тэхнікай. У далейшым да сістэмы можа далучыцца любая арганізацыя аховы здароўя. 

«Пасля зацвярджэння сістэмы ў Міністэрстве аховы здароўя яна будзе працаваць па простым прынцыпе: вам трэба пракансультавацца — вы збіраеце блок інфармацыі, адпраўляеце яго на сервер на адрас патрэбнай вам арганізацыі, — сказаў Палякоў. — Іерархія такая: калі гэта раён, то ён запытвае кансультацыю ў абласной арганізацыі, калі вобласць — у рэспубліканскай. Калі ж вобласць сама не можа вырашыць пытанне, то перанакіроўвае яго далей, у рэспубліканскі цэнтр. Далей дактары атрымліваюць апавяшчэнне, вывучаюць інфармацыю і, калі могуць, даюць сваё кансультатыўнае заключэнне; калі не, могуць запатрабаваць дадатковую інфармацыю ці дамовіцца пра сеанс відэакансультацыі». 

У частцы бяспекі інфармацыя будзе абароненая, і перадача яе будзе ісці па спецыяльных каналах у зашыфраваным выглядзе. 

Напрыканцы Палякоў дадаў, што ў Мінску даўно ўжо працуе праект, які можна аднесці да тэлемедыцыны, гэта кансультаванне флюараграфічных здымкаў. Цяпер да яго далучылася кансультаванне па мамаграфіі. «Наколькі я ведаю, аналагаў гэтаму праекту ў СНД няма», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?