Да помніка вялікаму песьняру Янку Купалу прыйшлі больш за пяцьдзесят чалавек: старэйшыя ўзростам і маладыя. Яны прыйшлі з кветкамі, несьлі Бел‑Чырвона‑Белыя сьцяжкі і стужкі.
Патрыётаў сустрэла шматлікае прадстаўніцтва ўлады цемры. За будынкам Літаратурнага музэя Янкі Купалы стаялі аўтобусы з зацемненымі шыбамі, поўныя амонаў. Перад помнікам песьняру рассыпаліся міліцэйскія і гэбоўскія патрулі. Яны лезьлі да беларусаў, спрабавалі выгнаць людзей з пляцоўкі.
Помнік быў аточаны штакетнікам‑загароджай. Але беларусы не зважалі на паліцэйшчыну і «ціхароў». Вялікай грамадой яны прайшлі да помніка Купалу і ўсклалі да яго кветкі. Засьпявалі беларускі гімн «Магутны Божа». Гучаў покліч : «Жыве Беларуская Народная Рэспубліка! Жыве Беларусь!»
А раніцай таго ж дня сябры Кансэрватыўна‑Хрысьціянскай Партыі — БНФ адрэстаўравалі пяць крыжоў на тэрыторыі Народнага Мэмарыялу ў Курапатах. Вандалы вярнуліся на сьвятое месца ў ноч на каталіцкі Вялікдзень, каб тварыць сваю сатанінскую справу.
У гэтую ноч і ўвесь час набліжэньня 90‑х угодкаў БНР — Дня Волі рэжым калоціцца ад страху перад беларусамі, якія сьвяткуюць найвялікшае нацыянальнае сьвята.
Сталіца поўная паліцэйшчыны ў мундзірах і цывільным. Задача паслугачоў рэжыму не дапусьціць, каб над нашай зямлёй залуналі Бел‑Чырвона‑Белыя Сьцягі — напамін пра Волю і Незалежнасьць. Беларускія патрыёты адзначаюць чарговы Дзень Волі пад акупацыяй. Але вечна так ня будзе.