Прайшла онлайн-канфэрэнцыя з айцом Аляксандрам Надсанам, духоўным лідэрам беларускай эміграцыі.

Шаноўны ойча! Чым, на Вашую думку, была і ёсьць Рада БНР на эміграцыі? Якую ролю яна адыгрывала? ці зьяўляецеся Вы сябрам Рады БНР і чаму?

Volha

Рада БНР у 1918 г. была выбрана народам, іх пераемнікі ня выбраныя народам, але Рада ёсьць захавальнікам ідэі, каб Беларусь была незалежнай і вольнай, як было запісана ў Акце 25 сакавіка. Сёньняшняя Рада ня мае юрыдычнай моцы, але мае маральную ўладу, галоўнае каб яны трымаліся Акту 25 сакавіка 1918 г. Трэба каб яны моцна трымаліся гэтых прынцыпаў, і захоўвалі ідэалы, аж пакуль беларусы сапраўды не атрымаюць незалежнасьці. А потым Рада можа перадаць паўнамоцтвы легітымнай уладзе ў Беларусі, як зрабілі палякі і ўкраінцы. Добра, каб сталася так у Беларусі. Паглядзіце на палякаў, палякі сьвяткуюць 3 траўня 1791 году. Гэты акт таксама потым перакрэсьлілі падзелы Рэчы Паспалітай, але палякі адзначалі ўвесь час і цяпер адзначаюць гэты дзень, як сымбалічны акт свабоды.

Хрыстос уваскрос! Віншую айца Аляксандра і ўсіх-усіх са Сьвятамі ВялікДня і Волі! Юрась.

Юрась

Дзякую і віншую таксама. Хай Бог дасьць нам усяго найлепшага, як у асабістым жыцьці, так і ў грамадзкім.

Ja pamjtiu sustryshy kali Vy bili u Antwerpe. Zdarouja i dougija ljta na karysc Belarusi.

Z pavagai Ramanau Mikalai. Belgie.

Дзякуй, Мікалай, я памятаю цябе і іншых. Перадайце прывітанні айцу Яну, якога я вельмі паважаю.

Хрыстос уваскрос!
Ойча, 25 сакавіка перад многімі беларусамі паўстане пытаньне: куды ісьці ўвечары пасьля працы? На сьвяточную літургію Дабравешчаньня ці акцыю з нагоды Дня Волі?Што параіце?

Ігар Губарэвіч

Я ня ведаю, што адказаць, чаму ў вас паўстаў такі выбар? Чаму кіраўнікі грамадзкіх арганізацый не маглі дамовіцца з царкоўнымі ўладамі, каб людзі маглі трапіць і на службу і памаліцца з нагоды вялікага сьвята, і ўзяць удзел у сьвяткаваньні з нагоды Дня Волі.

Ойча, яшчэ пытаньні.
Што Вы цяпер чытаеце? Што параіце чытаць з духоўнай (ды й ня толькі) літаратуры?
Ці ёсьць у плянах напісаньне і выданьне па-беларуску кнігі, блізкай па задуме кнізе ўкраінскага грэка-каталіцкага сьвятара Ю. Катрыя «Пізнай свій обряд!»? Ці лічыце Вы пільна патрэбнымі такога кшталту выданьні? Ці ёсьць на сёньня патрэба ў далейшай уніфікацыі бізантыйскага абраду ў грэка-каталікоў, другімі словамі, ці застаюцца разыходжаньні ў яго практыкаваньні рознымі сьвятарамі і парафіямі?

Ігар Губарэвіч

1. Цяпер падчас сьвятога часу і Вялікага посту я звычайна чытаю рэлігійную літаратуру. Маёй любімай кнігай ёсьць Яна Лесьвічніка VII ст., а перад Вялікаднем — катэхэзы сьвятога Кірылы Ерусалімскага. Калі ідзецца пра сьвецкую літаратуру то мне вельмі блізкі паэт-сьвятар — Казімір Сваяк, як цікавы і па глыбіні рэлігійнай думкі, і па духоўнасьці.

Наконт кнігі "Пізнай свій обряд!" можа і варта было падобную кнігу па-беларуску, але надзённая патрэба -- літургічныя тэксты па-беларуску, гэта самае важнае.

Калі ідзе пра ўніфікацыю бізантыйскага абраду, то цяжка нешта сказаць. Наш абрад дазваляе пэўную свабоду, ён дадае розьніцы. Мне давялося бачыць розныя традыцыі, у расейцаў, у грэкаў. Маленькія розьніцы дадаюць багацьця і разнастайнасьці, яны вельмі добрыя.

Добры дзень, Ойча!
Калі Вы ваявалі ў арміі Андэрса, ці сустракалася Вам сярод жаўнераў прозьвішча Цыдзік? Калі так, то гэты быў мой прадзядуля :)) Ён таксама ў арміі Андэрса ваяваў і ўдзельнічаў у бітве пад Монтэ-Касіна.

daroha

У войску падчас вайны я Цыдзіка не сустракаў, ведаў Цыдзіка пасьля вайны ў Лёндане, але ён у арміі Андэрса ніколі ня быў.

Slava Isusu Hrystu! Wialebny Ojcza, kali ciabe zdradzwajuc i zabiwajc i robiac geta samyja blizkija siabry-jak zyc dalej, jak zachawac weru u braterskuju lubou? Jak prabaczyc, kali prabaczennia nia prosiac?

I

Хрыстос на крыжы маліўся за тых, якія Яго катавалі: «Ойча, прабач іх, яны не ведаюць, што робяць». Калі мы не навучымся прабачаць, то наша будучыня выглядае вельмі сумна.

Скажыце, што перашкаджае аб’яднацца прынамсі каталікам і праваслаўным?

Мікола

Вельмі цяжкае пытаньне. Мы самі перашкаджаем, наш грэх, наша стаўленьне адзін да аднаго, што мы не прызнаем рацыі іншых. Дай Бог, каб усе адчулі сябе дзецьмі Божымі і братамі ў Ісусе Хрысьце, і тое, што нас лучыць, ёсьць большым чым тое, што нас разьядноўвае. І ў небе мы пабачым, што розьніцы будуць выглядаць сьмешнымі.

Ойча,калi вы плянуеце вярнуцца на Беларусь?Што робiцца дзеля таго каб адрадзiць на Беларусi БАПЦ ды унiяцтва?Дзякуй.

Змагар

Мне ўжо амаль 82 гады. Я хацеў бы быць пахаваным на Беларусі, але вяртацца, гледзячы на ўзрост, мне цяжка. Да таго ж у мяне таксама ёсьць справы і абавязкі ў Англіі, як у таго жаўнера, якія немагчыма кінуць. Таксама думаю, што жывучы ў Лёндане, раблю нешта і для Беларусі...

2. Наконт БАПЦ і ўніяцтва вы павінны спытацца тых, хто жыве ў Беларусі. Хацелася б, каб і праваслаўная царква і уніяцкая былі моцныя, каб умелі славіць Бога на роднай мове.

Шаноўны Ойча! Хацелася б задаць некалькі пытаньняў.
1. Ці павінна беларускае грамадзтва падпарадкоўвацца навязанаму дзяржавай правапісу (у прыватнасьці, абавязковаму напісаньню слова \»прэзыдэнт\» зь вялікай літары) і дзяржаўнай забароне на \»тарашкевіцу\»? Што можна супрацьпаставіць такому дыктату?
2. Як Вы ставіцеся да таго, што дзяржава імкнецца прысабечыць нацыянальныя сьвяты (напрыклад, канцэрты на ДЗень Волі, \»круглы стол\» гісторыкаў у прэзыдэнцкай газэце)?
3. Хто, на Вашу думку, сёньня агучвае беларускія нацыянальныя інтарэсы?

livejournal.com

1. Мне цяжка адказаць жывучы далёка ад Беларусі. Хай кожны сам глядзіць што можна зрабіць. Я, жывучы ў Англіі, буду і надалей трымацца тарашкевіцы, мне здаецца, што яна лепей адпавядае беларускай мове. Але параіць тым, хто жыве ў Беларусі, мне нешта цяжка, пытаньне правапісу можа і важнае, але ня сутнае. Да таго ж можна быць добрым беларусам, але пісаць іншым правапісам.

2. Жывучы за межамі зноў цяжка адказаць... Добра, каб улада пачала святкаваць 25 Сакавіка, гэта быў бы першы крок да вяртаньня, да беларускасьці.

3. Кожны шчыры беларус, які агучвае беларускія інтарэсы. І ў Беларусі ёсьць такія людзі, ёсьць і на эміграцыі. Яны робяць гэта, часам нават забываючыся на свае ўласныя інтарэсы, у шкоду сабе. А хто канкрэтна, не хацеў бы сёньня казаць. Ёсьць шмат добрых людзей.

Darahi Ojc^a, s^to Vy dumaece pra belaruskuju emihracyju - pavaennuju, sionnias^niaju? S^to jana zrabila, nam joju hanarycca ci saromecca?

Ales

Беларуская эміграцыя — розныя людзі. Ёсьць людзі. якія выехалі дзеля эканамічных інтарэсаў, ёсьць тыя, якім не было месца ў Беларусі, ёсьць тыя, каму не ляжыць душа да Беларусі, а ёсьць шчырыя беларусы. Эміграцыя вельмі розная і разнастайная.

Паваенная эміграцыя не была такая шматлікая, як украінская ці польская, але зрабіла вельмі шмат. У многіх краінах ёсьць беларускія арганізацыі, якія дапамагалі і дапамагаюць беларусам, асабліва пераадолець наступствы чарнобыльскай бяды, ёсьць беларускія выдавецтвы, арганізацыі, якія шмат зрабілі для папулярызацыі Беларусі, пачынаючы з паваеннага часу.

А параўноўваць сённяшнюю эміграцыю і ранейшую, да якой я належу, цяжка. Яны розныя. Але ў і маладой ёсьць шмат добрых людзей, якім баліць беларуская справа, і яны шмат шмат зробяць для карысьці Беларусі.

Ці цікавіцеся вы палітычным жыцьцём Беларусі? Калі так, ці сочыце вы за дзеяньнямі беларускай апазыцыі? Хто з апазыцыйных лідараў выклікае ў вас давер. Ці магчыма разглядаць аб`яднаньне апазыцыйных партый з камуністымі,як станоўчую з`яву.

Саянаў

Я, безумоўна, цікаўлюся і сачу за жыцьцём. Але, жывучы за межамі, не хацеў бы рабіць суды. Хто выклікае давер, а хто не выклікае даверу. Каб не пакрыўдзіць, бо тыя людзі, хто ў апазыцыі, стараюцца для дабра. Трэба, каб яны разумелі, што незалежна ад розьніцы думак, былі зьяднаныя ў адным, каб працавалі для дабра беларускага народу. Хацелася б дадаць, каб не судзіць людзей, кажучы: «Ён быў такі, а цяпер іншы». Памятайце прыклад сьвятога Паўла, які перасьледаваў хрысьціянаў, а потым стаў адным з найзначных апосталаў.

Ойча!У мяне ёсьць яшчэ адно пытаньне.У нашай краiне чарговы "шпiёньскi"скандал зь ЗША. А як вы адносiцеся да Штатаў?

Змагар

Нешта чытаў пра шпіёнскі скандал, я не спэцыяліст у гэтай справе. Вельмі сьмешна выглядае, калі пішуць што ён прадстаўнік ФБР – але гэта крымінальная міліцыя, а не ЦРУ.

У ЗША я быў шмат разоў і сустрэў вельмі добрых людзей, і ад ЗША як найлешыя ўспаміны, як і ў іншых краінах, дзе б я ні быў, я заўсёды бачыў прыемных і добрых людзей.

Хвала Хрысту! Айцец, на Вашу думку ці ёсць перспектывы грэка-каталіцтва на Беларусі? Ці можа яно зноў стаць нацыянальнай рэлігіяй беларусаў?

Аляксей

Дзякуй за пытаньне. Я ня вельмі люблю словы «нацыянальная рэлігія», рэлігія адна для ўсіх.

Што да грэка-каталіцтва, то тут як Бог хоча, галоўнае, каб грэка-каталікі былі добрымі хрысьціянамі. паказвалі сваім спосабам жыцьця, дарэчы, як і іншыя канфэсіі. Галоўнае, каб у нас была згода, каб мы зразумелі, што мы ўсе дзеці Божыя.

Слава Ісусу Хрысту!
1. Як Вы ставіцеся да адраджэньня Кіеўскай праваслаўнай мітраполіі пад уладай Канстанцінопальскага патрыярха? Якія ў Англіі вашыя адносіны з беларускімі парафіямі Канстанцінопальскага патрыярхату? 2. Чаму менавіта праваслаўныя беларусы захавалі сваю нацыянальную самаіндэфікацыю на Зах. Украіне, а грэка- ды рыма-каталікі асяміляваліся ва ўкраіцаў ды палякаў?
3. На Вашую думку, чаму ЎГКЦ адмовіла а.Пахомію Кавалёву ў дабраславеньні на правядзеньня беларускамоўных служьаў у УКУ?

Ці гатовыя Вы асабіста да супрацы з праваслаўнымі беларусамі?
Я разумею, пытаньня вострыя. Але можа мадэратары ды Вы асабіста здолееце іх не прапусьціць?

сьвятар Сяржук

У гэтай галіне я не кампэтэнтны. Мае адносіны з праваслаўнымі вельмі добрыя. Я ніколі не пытаюся ў сьвятароў, якой яны юрысдыкцыі, стараемся жыць як браты. З а. Янам Пякарскім, а. Янам Абабуркам, а. Сідаровічам у Англіі ў нас заўсёды былі вельмі добрыя адносіны. Мы вельмі добра жылі разам. Ніякіх праблем не было.

2. Не разумею пытаньня пра нацыяальную самаідэнтыфікцыю, Чаму так?

3. Пра гэта нічога ня ведаю. Пару разоў бачыўся з а. Пахоміем, яшчэ да таго, як ён стаў сьвятаром. Але чым ён займаецца, я ня ведаю. Ён быў добры пабожны чалавек, і напэўна ён добры пабожны сьвятар, але што там здарылася, ня ведаю.

4. Я ня тое, што гатовы, я заўсёды супрацоўнічаў зь імі. І маю добрых прыяцеляў праваслаўных беларусаў. Гэтае пытаньне нават не паўстае.

Usich i asabliwa ajca Aliaksandra bialaruskaja redakcija Radio Vatikan winszuet sa swiatam Woli, Aktam 25 sakawika!
My malilisja za Belarus'!
Christos uwaskros !

A.Klaudzij i supracouniki

Сапраўды Ўваскрос!

Калі Вы за супрацоўнічаства з Праваслаўнай Царквой, то для Вас гэта з кем - з БАПЦ ці з БПЦ Маскоўскага Патрыярхата?

Аляксандар Шрамко

Не магу таксама адказаць, тыя сьвятары, зь якімі сустракаюся ў Лёндане, яны належаць да БАПЦ, БПЦ дзейнічае ў Беларусі. Я б сказаў адну рэч, мне ня важная юрысдыкцыя, мне важна, які сам чалавек, гэта самае важнае.

Айцец Аляксандр, ці верыце Вы, што ў 2006 годзе ў Нямеччыне памёр кіраўнік беларускага пасьляваеннага супраціўленьня, пра што пакуль былі толькі няпэўныя весткі?

Бібліятэкар

Я таксама чуў пра гэта, але нічога не магу дадаць у гэтай справе. Ведаю столькі, колькі і той, хто пытае.

Шаноўны айцец Аляксандар!
1. Хачу ў Вас запытацца наконт Вашых перакладаў на беларускую мову - гэта тычыцца малітаўніка "Госпаду памолімся". З гэтай Вашай працай я добра знаёмая, але хацелася б даведацца, ці маеце Вы якія-кольвек артыкулы па метадалогіі перакладу богаслужбовых тэкстаў? Ці не плануеце выдаць грэцка-беларускі слоўнік? Якому перакладу Святога Пісання на беларускую мову Вы аддаеце перавагу? І, можа, ужо час правесці сустрэчу (семінар, варштат) тых, хто займаецца перакладамі? Што Вы скажаце на гэты конт?
2. Мяне таксама дужа зацікавіла, калі я вывучала Ваш пераклад, як можна спалучыць дагматыку праваслаўнага богаслужэння (малітваслоўі утрымліваюць вельмі шмат менавіта дагматычных ідэяў) і каталіцкую дагматыку? Калі ў тэксце Вы сустракаеце разыходжанне, якому варыянту вы аддаяце перавагу - аўтэнтычнаму літургічнаму ці каталіцкаму дагматычнаму?

Наталька

1. Дзякуй за добрыя словы, я, дарэчы, шмат пра Вас чуў добрага. Я заняўся перакладамі больш чым 25 гадоў таму. Я не спэцыяліста ў гэтым, але ведаў грэцкую мову, паколькі вучыўся ў Грэцкай калегіі ў Рыме ў 1953—1959 гадах, але ніякіх падручнікаў і мэтадалёгіі ня маю. Рабіў так, як умеў. У мяне ёсьць дарадчыкі, але наколькі добрыя пераклады, няхай пра гэта судзяць іншыя.

Канечне, варта было б стварыць грэцка-беларускі слоўнік і габрэйска-беларускі слоўнік. Хачу прызнацца, што ўзгадаваў двух выдатных спэцыялістаў – адна гэта Ірына Дубянецкая, яна доктар багаслоўя, жыве ў Менску, другая сканчае дактарат тут. Яны добра ведаюць усходнія мовы. І было б добра, калі б праваслаўныя і каталікі разам узяліся за пераклад – бо гэта наша супольная спадчына. Было б выдатна, каб быў зроблены такі пераклад, які б задаволіў усіх. Спадзяюся, што так будзе, што ўсе: і праваслаўныя, і каталікі, ды іншыя змогуць карыстацца перакладам Сьвятога Пісьма.

2. Я разыходжанняў вялікіх не знаходзіў паміж каталікамі і праваслаўнымі, і адныя і другія могуць быць задаволеныя. Асноўныя тэксты літургій былі створаныя перад нашым вялікім няшчасьцем, вялікай бядой – падзелам 1054 г, і яны аднолькава прымальныя і для каталікоў, і для праваслаўных.

Хрыстос уваскрэс!
У нас няма ніводнага сапраўднага перакладу поўнай Бібліі (маю на ўвазе Стары і Новы Запавет) на беларускую мову. Пераклад Сёмухі зроблены з расейскай мовы. Хто возьмецца за гэтую справу. Трэба ж ведаць старажытна-грэцкую мову, карыстацца роднай мовай, а самае галоўнае - быць сапраўдным хрысьціянінам у сэрцы і ва ўчынках. Ці ёсьць людзі, якія мелі б такое ўнікальнае спалучэньне характырыстык?

Іван

Я ўжо казаў пра гэта раней. На жаль, у нас добрага перакладу няма. Але ёсьць спэцыялісты. Трэба брацца паважна, і з пабожнасьцю, каб данесьці слова Божае, на роднай мове. Але гэта праца некалькіх гадоў, так хутка ня робіцца. Тыя пераклады якія цяпер, ня могуць нікога задаволіць.

Хвала Хрысту!
Мне цікавіць Вашыя адносіны да шматмоўя у літургіі Каталіцкага касйёла ў Беларусі. У шматлікіх парафіях на працягу аднае літургіі выкарыстоўваюцца нават 3 мовы (беларуская, польская і расейская), што перад усім сустракаецца на захадзе Беларусі. Вельмі часта узровень валодання беларускаю мовай сярод ксяндзоў прыехаўшых на працу з іншых краінаў вельмі нізкі.

Як лепш паводзіць сябе ксяндзам, якія беларускаю мовай не валодаюць дастаткова:
-усё такі гаварыць (казанні напр.) на польска-беларуска-расейскай "трасянцы", што павагі святае літургіі, на мой погляд, не дадае
гаварыць па-польску альбо па-расейску
Прабачце, маё пытанне датычыць вельмі складанай праблемы, можа тут мала месца даць поўны адказ, усё такі мне цікавяць вашы погляды. Я пісаў магістарскую працу на гэтую тэму.

Можа вы карыстаецеся электроннай поштай і будзе такім чынам у мяне з Вамі на гэту тэму больш грунтоўна пагутарыць.

Darek Woszczyński

Ведаеце, тое, пра што Вы пішаце, вельмі сумная справа. Даўно-даўно місіянеры, якія ішлі ў нейкую краіну, найперш вывучалі мову гэтай краіны, каб несьці таму народу словы Эвангельля. У Беларусі бачыце крыху інакш, хоць ёсьць шмат сьвятароў, якія спрабуюць данесьці беларускае слова. Тут справа сьвятароў, гэта ягоны абавязак, вывучыць мову народу, сярод якога ён працуе.

2. Пакіньце свой мэйл у НН, а я з Вамі зьвяжуся.

Ойча, колькі нам яшчэ блукаць па пустыні?

іван

Ну што значыць блукаць? У пустыні быў сам Ісус Хрыстос, каб быць на адзіноце са сваім Нябесным Айцом, каб набрацца духоўнай сілы. І нам таксама трэба застацца на адзіноце, каб асэнсваць дзейнасьць. Трэба падумаць, хто вінаваты, што мы зблудзілі... Тут ніхто нам не паможа, толькі самі можам памагчы. Мы павінны самі ўзяць сябе ў рукі, пачаць працаваць.

Беларусы некалі сьпявалі «Адвеку мы спалі, і нас разбудзілі». Гэта цэлая бяда, я не люблю гэтае песьні. Чаму мы самі ня можам? Ад нас залежыць нашая будучыня.

Ойча, чаму не было ў друку Вашага пасланьня на Вялікдзень сёлета? Ці маглі б Вы зьмясьціць яго тут, цяпер?

Аўгіньня

Ужо пазнавата. Да мяне зьвярнулася Беларуская рэдакцыя Польскага радыё, я ім паслаў, іншыя не зьвярнуліся.

Ойча, зь Вялікднем!
Моцнага здароў'я, радасьці і надзеі!
Што, на Вашую думку, найбольш патрэбнае і важнае для народу Беларусі ў цяперашняй сытуацыі? Каб ажыцьцявіць тое абуджэньне ці вынесьці плён з перабываньня ў пустэльні... Ці далёка да Ярдану? Хто чым можа дапамагчы, ці лепш не перашкаджаць)) ?
Можа яшчэ неяк акрэсьлілі б сучасны стан на Беларусі?

Васіль С.

1. Дзякуй за віншаваньні. і я таксама віншую ўзаемна.

2. Кожны павінен знайсьці сваю дарогу да Бога і да людзей.

Ойча, калі я пытаўся пра адрозьненьні ў абраднасьці, то меў на ўвазе адрозьненьні ўнутры БГКЦ - паміж парафіямі і нават унутры парафіяў. Прыкладам, адны вернікі кленчаць пры асьвячэньні Дароў, іншыя - не, і г.д. Ці на сёньня гэта неістотныя пытаньні?

Ігар Губарэвіч

Жывучы далёка ад Беларусі, не хачу ўмешвацца ў праблемы БКГЦ. Хай кожны моліцца, як яму выгадней, хто на каленях, хто стоячы.

вэб-рэдактар: онлайн заканчваецца

А. Аляксандар Надсан Дзякую за нагоду пагутарыць з чытачамі НН, і хочацца каб у нас і нацыянальныім грунце, і на рэлігійным грунце была згода, каб жылі як браты, якія маюць аднаго Бога на небе.

Жадаю таксама, каб усе годна правялі сьветлае сьвята Вялікадня. Вялікі дзякуй.

* * *

Айцец Аляксандар Надсан нарадзіўся 8 жніўня 1926 г. у Гарадзеі (сёньня Нясьвіскі р-н). Вучыўся ў Нясьвіскай настаўніцкай сэмінарыі. З канца чэрвеня 1944 г. на эміграцыі. З восені 1944 г. – у польскай Арміі Андэрса, што ваявала ў складзе Брытанскіх узброеных сіл. Браў удзел у баявых дзеяньнях на поўначы Італіі, быў паранены.

Ад 1946 г. — у Вялікабрытаніі. Скончыў матэматычны факультэт Лёнданскага ўнівэрсытэту. Адзін з заснавальнікаў Згуртаваньня беларусаў у Вялікабрытаніі, яго старшыня ў 1951—1953 гг. Рэдагаваў часопісы "Беларус на чужыне" і "На шляху", браў удзел у працы Беларускага хрысьціянскага акадэмічнага аб’еднаньня "Рунь" і Беларускага народна-незалежніцкага хрысьціянскага Руху.

З восені 1953 г. навучаўся ў Рыме, у Грэцкай Калегіі (духоўнай сэмінарыі для каталікоў усходняга абраду). 23 лістапада 1958 г. высьвячаны на сьвятара.

У ліпені 1959 г. вярнуўся ў Лёндан. Наведваў беларускія асяродкі на Брытанскіх выспах, ад 1961 г. — кіраўнік беларускай школы імя Кірылы Тураўскага ў Лёндане.

Ад 1971 г. — кіраўнік Беларускай бібліятэкі-музэю імя Ф. Скарыны, а ад 1981 г. — кіраўнік Беларускай Каталіцкай Місіі ў Вялікабрытаніі. З канца 1980-х — апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў у замежжы, кіраўнік Камітэту дапамогі ахвярам радыяцыі, аўтар некалькіх кніг па гісторыі Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0