Рада Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) у панядзелак, 23 лістапада, абмяркуе варыянты магчымага павышэння збораў трансгранічнага інтэрнэт-гандлю, піша «Коммерсант». У ЕЭК уваходзяць Расія, Беларусь, Казахстан, Арменія і Кыргызстан.

Суразмоўца распавёў, што Рада разгледзіць варыянты рэгулявання імпарту тавараў, якія былі набытыя ў замежных інтэрнэт-крамах.

Рабочая група па пытаннях электроннага гандлю падрыхтавала два праекты.

Першы прапануе вызваліць ад мытных плацяжоў тавары, кошт якіх меншы за 22 еўра, а вага не перавышае аднаго кілаграма. За пасылкі ад аднаго і да дзесяці кілаграмаў і кошт 22—150 еўра прапануюць плаціць збор 15 еўра. Тавары коштам больш за 150 еўра і масай 10 і больш кілаграм, паводле гэтага варыянту, запатрабуюць збору ў памеры 15 еўра плюс 30 працэнтаў ад мытнага кошту, але не менш за 4 еўра за адзін кілаграм.

Паводле другога варыянту, усе тавары коштам да 150 еўра і вагой да 10 кілаграмаў будуць абкладаць зборам у 10 еўра. У выпадку, калі мытны кошт пасылак перавышае 150 еўра, а вага складае больш за 10 кілаграм, збор складзе 10 еўра плюс 30 працэнтаў ад кошту пакупкі, але не менш за чатыры еўра за адзін кілаграм.

У Еўразійскай эканамічнай камісіі пацвердзілі абмеркаванне пытання.

«Казаць пра тое, што на ім будуць прынятыя нейкія канкрэтныя пастановы ці рэзалюцыі, нельга: рада ЕЭК будзе абмяркоўваць сітуацыю, а да якога рашэння прыйдзе і ці прыйдзе — казаць рана», — сказалі ў ЕЭК.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?