Амерыканскі фармацэўтычны канцэрн Pfizer заключыў найбуйнейшую ўгоду ў гісторыі галіны, дамовіўшыся аб набыцці ірландскай кампаніі Allergan за 160 млрд даляраў.

Атрыманае ў выніку зліцця двух кампаній прадпрыемства стане найбуйнейшым фармацэўтычным канцэрнам у свеце.

Пры гэтым эксперты не выключаюць, што штаб-кватэра Pfizer пераедзе ў Дублін, каб пазбегнуць высокіх амерыканскіх падаткаў.

Перамовы паміж Pfizer і Allergan працягваліся некалькі тыдняў. Пасля заключэння ўгоды акцыянеры апошняй атрымаюць прыкладна па 11 акцый Pfizer за кожную наяўную ў іх акцыю Allergan. Узначаліць аб'яднаны канцэрн кіраўнік Pfizer Іэн Рыд.

Кампанія Allergan Plc у яе цяперашнім выглядзе была створаная ў лютым 2015 пасля куплі канцэрнам Actavis фірмы Allergan Inc.

Аб'яднаная кампанія ўваходзіць у лік вядучых вытворцаў ботаксу і сродкаў касметычнай хірургіі.

Канцэрн Pfizer быў створаны ў сярэдзіне XIX стагоддзя і лічыцца адной з найбуйнейшых фармацэўтычных кампаній у свеце. Яго чысты гадавы прыбытак ацэньваецца больш чым у 8 млрд даляраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?