Пракуратурай Магілёўскай вобласці накіравана ў абласны суд крымінальная справа 59-гадовай жыхаркі Бялыніцкага раёна, якая ўчыніла забойства двух аднавяскоўцаў пры абцяжарваючых акалічнасцях і знішчэнне чужой маёмасці агульнанебяспечным спосабам.

Як паведаміў намеснік начальніка аддзела пракуратуры Магілёўскай вобласці Дзмітрый Шарамет, падчас папярэдняга расследавання ўстаноўлена, што абвінавачваная ў ноч з 4 на 5 чэрвеня гэтага года, будучы ў стане алкагольнага ап'янення, даведаўшыся, што яе 46-гадовы сужыцель знаходзіцца ў гасцях у адзінокай 60-гадовай аднавяскоўкі, на глебе рэўнасці вырашыла забіць іх.

Пенсіянерка паклала пад уваходныя дзверы сваёй саперніцы палавік з матэрыі і палімерны мяшок, якія падпаліла. Затым, упэўніўшыся, што пачаўся пажар, з месца здарэння ўцякла. У выніку пажару мужчына і жанчына памерлі на месцы здарэння ад атручэння вокісам вугляроду. Агнём быў поўнасцю знішчаны дом, што належаў сыну пацярпелай.

Дзеянні абвінавачванай органам папярэдняга следства кваліфікаваныя на падставе п. 1, 5, 6 ч. 2 арт. 139 КК (наўмыснае супрацьпраўнае пазбаўленне жыцця (забойства) дзвюх асоб, учыненае агульнанебяспечным спосабам, з асаблівай жорсткасцю), а таксама на падставе ч. 3 арт. 218 КК (наўмыснае знішчэнне і пашкоджанне маёмасці, учыненае агульнанебяспечным спосабам, што мела вынікам нанясенне ўрону ў асабліва буйным памеры).

За ўчыненае крымінальным заканадаўствам прадугледжана максімальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 25 гадоў. 

Папярэдняе расследаванне па гэтай справе ажыццяўлялася УСК па Магілёўскай вобласці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?