Грамадзкія дзеячы Расеі накіравалі заяву салідарнасьці зь Беларусьсю ў МЗС і амбасады розных краінаў. Падпісалася каля ста чалавек.
Пад заявай салідарнасьці зь Беларусьсю падпісалася каля ста чалавек. Гэта журналісты, адвакаты, грамадзкія актывісты, студэнты і простыя грамадзяне. Сярод іх — Людміла Аляксеева, Леў Панамароў, Аляксандр Падрабінек, Юры Самадураў, Сяргей Кавалёў, Алена Бонэр, Віктар Шэндэровіч ды іншыя.
«Мы, прадстаўнікі праваабарончых і грамадзкіх арганізацый і проста грамадзяне Расеі, хочам прыцягнуць увагу кіраўніцтва краіны і суграмадзян да прававога свавольля ў Беларусі і выказаць сваю салідарнасьць з палітвязьнямі,» — гаварыцца ў заяве.
Падпісанты асуджаюць практыку палітзьняволеньня ў Беларусі, каральную псыхіятрыю, ціск на актыўнае студэнцтва і свабоднае прадпрымальніцтва, жорсткі кантроль прэсы, парушэньне прававых нормаў праваахоўнымі органамі.
Да ўладаў Беларусі і ўласна Лукашэнкі высунутыя патрабаваньні: вызваліць палітвязьняў Беларусі, прытрымлівацца беларускай канстытуцыі і зрабіць умовы для палітычнага дыялёгу і канкурэнцыі ў Беларусі. Ад прэзыдэнта Мядзьведзева і расейскага МЗС падпісанты патрабуюць «заняць прынцыповую пазыцыю і спыніць падтрымку аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі, пакуль ня будуць вызваленыя палітвязьні і ня спыніцца перасьлед людзей па палітычных матывах». Лідэрам эўрапейскіх краінаў накіравана рэкамэндацыя «ўлічваць, што за «адлігай» стаіць цынічны гандаль палітвязьнямі» і працаваць у накірунку поўнага спыненьня рэпрэсій у Беларусі.
Заява была накіраваная ў МЗС і Адміністрацыю прэзыдэнта Расеі, а таксама разасланая ў амбасады Беларусі, Францыі, Нямеччыны, Польшчы, ЗША, Швэцыі, Славеніі і Літвы.