Больш за месяц з цяжкімі траўмамі знаходзіцца ў Баранавіцкай гарадской бальніцы пацыент, які пацярпеў 14 кастрычніцка каля дома №20 па вуліцы Леніна ў Баранавічах.

Дом на вуліцы Леніна, каля якога адбылася трагедыя. Фота: Юрый Піваварчык

Дом на вуліцы Леніна, каля якога адбылася трагедыя. Фота: Юрый Піваварчык

З цяжкімі траўмамі галавы, шматлікімі пераломамі пазванкоў, рэбраў, рукі і нагі быў шпіталізаваны жыхар горада Аляксандр Паўль пасля таго, як з даху дома №20 па вуліцы Леніна на яго ўпала 18 лістоў металапрофілю.

Мужчына перанёс мноства аперацый, нядаўна ў Брэсце яму ампутавалі вышэй калена правую нагу. Але, па словах Аляксандра, прадстаўнікі будаўнічай арганізацыі, якія ажыццяўляюць рамонт даху дома №20, па віне якіх метал паляцеў на зямлю і практычна пасек яго, у бальніцу наведаць пацярпелага так і не прыйшлі.

«Перадалі толькі пяць мільёнаў рублёў, і ўсё, — распавяла жонка Аляксандра Людміла. — Дзякуй «хуткай», што своечасова прыбыла на месца, дактарам, якія цэлай брыгадай некалькі гадзін «збіралі» мужа па частках, дзякуй калегам Сашы па працы, суседзям, усім, хто праяўляе спагаду і дапамагае».

У той дзень нішто не прарочыла бяды. У Аляксандра Паўля, які працуе ў рамонтна-будаўнічым цэху БВБА, быў непрацоўны дзень. Ён купіў у краме «Цвік» будаўнічую сумесь, пагрузіў яе на вазок і накіраваўся на вакзал, адкуль збіраўся ехаць на дачу.

Па словах мужчыны, неабходнай агароджы або навеса над тратуарам у раёне выканання дахавых прац не было, толькі плоцік, які. ён абышоў. І раптам на Аляксандра паляцелі лісты металапрофілю.

«Я не павінен быў выжыць з такімі траўмамі, — распавядае пацярпелы. — Яшчэ шчасце, што аператыўна спрацавалі лекары. Дзякуй ім. Але правую нагу выратаваць так і не ўдалося».

Па словах Людмілы, пасля здарэння ля дома №20 усталявалі і навес, і агароджу. Няма толькі простай чалавечай спагады.

«Колькі мы перажылі за гэтыя паўтара месяца, колькі нацярпеліся, да гэтага часу мурашкі па целе, — прызнаецца жанчына. — Нават лекі з маімі двума з невялікім мільёнамі у месяц купіць часам праблематычна. Муж раней па вахце ездзіў, у Якуціі працаваў, у розныя сітуацыі трапляў, але такой абыякавасці мы не сустракалі нідзе».

Як распавёў следчы міжраённага следчага камітэта Дзмітрый Лішко, па гэтым здарэнні праводзіцца праверка. Каментара ў дырэктара будаўнічай арганізацыі пакуль атрымаць не ўдалося, бо ён знаходзіцца ў адпачынку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?