Грамадства6262

У цэнтры Мінска хутка можа з’явіцца помнік Васілю Быкаву з пяціканцовай зоркай

Макет скульптуры ўжо гатовы. Ягоныя аўтары — скульптар Аляксандар Батвінёнак і архітэктар Армен Сардараў. Пра гісторыю працы над манументам карэспандэнту «Звязды» распавялі яго аўтары.

Класік, трохі згорбіўшыся, сядзіць у задуменнай позе. Яго рукі, сашчэпленыя разам, ляжаць на працоўным стале ў форме чырвонай пяціканцовай зоркі. Кожная з яе граняў сімвалізуе раскрытую кнігу, унутры якой будуць напісаны цытаты з твораў пісьменніка. На макеце, які знаходзіцца ў майстэрні Аляксандра Батвінёнка, вытрымак, праўда, няма, але калі з’явіцца паўнавартасны помнік…

— За гэтую працу я ўзяўся ў першую чаргу таму, што сама персона Васіля Уладзіміравіча для мяне вельмі шмат значыць, — распавядае Армен Сардараў. — Найперш, гэта маладосць, студэнцкія гады. У далёкія ўжо 60-я ў нас быў сфарміраваны погляд на Вялікую Айчынную вайну, які я назваў бы парадна-пафасным. Не скажу, што гэта дрэннае ўспрыманне, бо на першы план у тагачасным мастацтве на ваенную тэматыку выходзіў савецкі народ, што правільна. Але раптам з’явіўся пісьменнік, які паставіў на галоўнае месца ў вайне асобу чалавека. Адчуванне няўпэўненасці, перажыванні, роздумы, уласцівыя ўсім нам, — гэта стала для нас адкрыццём. З таго ўсё пачалося, і творчасць Быкава не пакідае мяне ўсё маё жыццё.

— Творы Васіля Уладзіміравіча — гэта тое, што можна супрацьпаставіць сучаснасці, — кажа Аляксандр Батвінёнак. — Цяпер катэгорыі «чорнага» і «белага» амаль адсутнічаюць у нашым жыцці, мы пра многае гаворым усярэднена. А ў Васіля Быкава ўсё вельмі проста і, я лічу, правільна: ты альбо здраднік, або герой, трэцяга не бывае. Можна схавацца, збегчы, але выбар усё адно давядзецца зрабіць. Можа, менавіта з прычыны гэтага ўзнікае такі феномен — творы аўтара з цягам часу не проста захоўваюць актуальнасць, але і набываюць яе. Пісьменнік яскрава паказвае нам шляхі, якія вядуць або да пад’ёму, або да заняпаду, ён — выдатны маральны арыенцір.

Яшчэ ў 1982 годзе скульптар задумаў кампазіцыю — прысвячэнне франтавікам Беларусі ў якасці сваёй дыпломнай працы. У тым варыянце класік быў апрануты па-вайсковаму і быццам бы даваў прысягу. Праца трапіла на выставу, дзе яе набыла Акадэмія навук. Сучасны ж праект быў задуманы ўжо як помнік. «Ідэя — у першую чаргу ў папулярызацыі твораў Быкава, — тлумачыць Аляксандр Батвінёнак. — Для гэтага і выкарыстоўваюцца радкі з яго кніг. Гэта праслаўленне Быкава нават не як чалавека, з любымі яго праблемамі і асабістым жыццём, а як аўтара выдатных тэкстаў».

Адным з ініцыятараў праекта стаў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец.

Ён падтрымаў ідэю і дагэтуль аказвае аўтарам самую розную падтрымку.

Манумент плануецца ўсталяваць побач з Домам літаратара на вуліцы Румянцава. Гэта цэнтр горада, але не самае шматлюднае месца. Чаму?

— Мы вельмі доўга шукалі пляцоўку, на якой Быкаў выглядаў бы арганічна, — кажа Армен Сардараў. — Хадзілі ў раёне парку Горкага, разглядалі фасады. Але найлепшым варыянтам падаўся менавіта гэты. Не сакрэт, што сам Васіль Уладзіміравіч быў вельмі замкнёным чалавекам, можна нават сказаць — пустэльнікам. Жыў у Гродне, а ў Мінск пераехаў толькі напрыканцы 70-х. Рэдка з’яўляўся на публіцы, і калі нешта сапраўды цаніў - то найперш сваіх блізкіх сяброў, калег па пісьменніцкім «цэху». Таму мы спыніліся на даволі камернай прасторы, без стаметровых плошчаў, на якіх ускладаюць вянкі. Вось тут — зусім побач, у цішыні - гэты чалавек. Думаю, такое месца будзе адпавядаць характару Васіля Уладзіміравіча. Ды і, я ўпэўнены, у такой прасторы гэты вобраз сам пакажа сябе, а пры сваёй архітэктурнай камернасці месца ўсё адно стане знакавым, дзякуючы помніку.

Па словах аўтараў, сваю ролю адыграе і плошча Перамогі, якая знаходзіцца зусім блізка. Там — велізарны манумент, грандыёзны па сваёй сіле, а зусім побач — помнік чалавеку, які паказаў, чаго была варта гэтая Перамога.

Па задуме архітэктара, навакольная прастора таксама будзе зменена. У прыватнасці, абрысы зоркі будуць пераходзіць у чырвоны і чорны брук.

Асобна аўтары распавядаюць пра паралелі з папулярнай цяпер вулічнай скульптурай. Па словах Армена Сардарава, выкарыстанне помніка невялікага маштабу дазволіць гаварыць з гарадскімі жыхарамі на прывычнай ім мове і ў той жа час падкрэсліць сакральнасць вобраза Быкава. «Манумент будзе трохі большым за натуру, — кажа Аляксандр Батвінёнак, падымаючы макет вышэй. - Гэта зроблена дзеля таго, каб чалавек мог «размаўляць» з помнікам, не задзіраючы пры гэтым галавы. Рукі класіка будуць знаходзіцца на ўзроўні вачэй чалавека».

Сам вобраз створаны на аснове асабістых успамінаў аўтараў.

Скульптар узгадвае, як хадзіў на творчыя сустрэчы з Васілём Уладзіміравічам, якія праводзіў іх агульны сябра — Міхаіл Савіцкі. «Адзінае, аб чым шкадую, — кажа майстар, — пасаромеўся пазнаёміцца асабіста. Таму ў асноўным карыстаўся фотаматэрыяламі, відэаздымкамі, хаця і сам я нядрэнна памятаю знешні выгляд Васіля Уладзіміравіча. Калі адзначалася 90 гадоў з дня нараджэння пісьменніка, мой драўляны макет выстаўляўся на экспазіцыі ў музеі Максіма Багдановіча і мне перадавалі словы ўдавы Быкава Ірыны аб тым, што вобраз атрымаўся вельмі падобным».

— Вярнуўшыся да вобраза Быкава, мы зможам сказаць пра вельмі важныя рэчы, асабліва нашай моладзі, — дадае Армен Сардараў.

— Пры ўсім развіцці новых тэхналогій, дасягненнях прагрэсу, у душах маладых людзей працягваецца ўсё тая ж барацьба, што і заўсёды, — змаганне дабра са злом. І яшчэ адзін аспект — гэта народная памяць. Разбураючы многае ў нядаўнім мінулым, мы не задумаліся аб стварэнні новага. Як прыклад прывяду гісторыю з дэмантажом помніка Леніну ў сталіцы, які планаваўся напачатку 1990-х — я тады выступіў з асуджальным артыкулам у друку. Нават калі не ўздымаць пытання архітэктуры (а помнік Манізера ў ансамблі Лангбарда выглядае максімальна арганічна), то адмова ад уласнай памяці ні да чаго добрага не давядзе. Змагацца з праблемамі трэба спачатку ўнутры сябе, а не хапацца за помнікі. Падаць на калені ніхто ж не прымушае, але і ломам ламаць… Помнік Быкаву — гэта голас чалавека, які не дасць нам страціць сваю памяць.

Каментары62

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Трамп узяў два тыдні, каб вызначыцца адносна Ірана15

Трамп узяў два тыдні, каб вызначыцца адносна Ірана

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі прапануюць забараніць пераходзіць чыгуначныя рэйкі ў навушніках1

Студэнта з Кот д'Івуара публічна судзілі ва ўніверсітэце ў Гродне, яго вышлюць з краіны2

Дураў расказаў, што думае пра Маска, Цукерберга і Альтмана2

Шматдзетную маці, якая працавала ў банку і вяла блог, пасадзілі ў калонію і назвалі тэрарысткай6

Пуцін назваў расійскую атаку на дзевяціпавярховік у Кіеве, падчас якой загінулі 23 чалавекі, ударам па ваенным заводзе1

У Аргенціне выкрылі разведгрупу з Расіі1

Канапацкая прызналася, што гэта яна арганізавала візіт Келага ў Беларусь23

Беларусы, якія хочуць украінскі пашпарт, але не могуць адмовіцца ад грамадзянства Беларусі афіцыйна, змогуць зрабіць гэта дэкларатыўна2

Алексіевіч: Ціханоўская сімпатычная, шмат зрабіла, Латушка і Вячорка разумныя. Але няма адчування трываласці апазіцыі38

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп узяў два тыдні, каб вызначыцца адносна Ірана15

Трамп узяў два тыдні, каб вызначыцца адносна Ірана

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць