«Найбуйнейшая газэта Швецыi пераходзіць на назву Belarus замест Vitryssland («Белароссія») на шведскай мове», — піша на Facebook былы амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан.

«Дагенс Нюхетэр» (альбо проста DN) тлумачыць, чаму цяпер будзе пісаць назву нашай краіны іначай:

«Мы хочам падкрэсліць, што Беларусь з 1991 года незалежная дзяржава. Беларусь гэту назву выкарыстоўвае, і мы хочам пазбегнуць рызыкі блытаніны паміж Беларуссю і Расіяй. Многія беларусы лічаць, што Vitryssland надае краіне фальшывую нацыянальную ідэнтычнасць».

Мовазнаўца Вінцук Вячорка падкрэслівае, што «Дагенс Нюхетэр» — гэта газета, якая стварае ў Швецыі грамадзкую думку і праз гэта ўплывае на моўную норму:

«Рашэнне рэдакцыі «Дагенс Нюхетэр» стратэгічна важнае, у тым ліку для ўжывання назвы нашай краіны. Якраз у германскай групе моваў, да якой адносяцца шведская, нарвежская, дацкая, ісландская, у нідерландскай і нямецкай мовах дагэтуль пануе форма, перакладзеная з расійскай, што можа адваротна перакладацца як «Белая Расія». «Вайсрусланд», «Вітрусланд»… Шведская акадэмія дагэтуль прапануе абіраць такі варыянт як першы.

Традыцыі называння нашай краіны Беларуссю не было, бо апошнія пару стагоддзяў нашай краіны як незалежнай дзяржавы не было на мапах. Таму спасылацца на нейкую традыцыю ніхто не мае права. Лінгвісты, журналісты, моўныя акадэміі тых краінаў проста бралі два корані з расійскай і іх перакладалі, што памылкова! Ніхто не ведае, ці адзначае корань «бел» у назве белы колер. А можа, ён азначае «заходні», а можа, «вольны». Ну, і «Русь» — гэта зусім не Расія, гэта хутчэй тая старадаўняя Рутэнія, як Русь па-лацінску называлі».

Тое, што рашэнне было прынятае менавіта цяпер, газэта тлумачыць нобелеўскай прэміяй беларускай пісьменніцы Святлане Алексіевіч (раней Вінцук Вячорка задаваўся пытаньнем, ці абароніць Алексіевіч Belarus), а таксама ўласным вялікім матэрыялам, прысьвечаным Беларусі і Халакосту. Газета вырашыла, што «гэта зручны час, каб змяніць назву». «Дагенс Нюхетэр» адзначае, што англамоўныя краіны не называюць Беларусь «Белай Расіяй», а зь нядаўняга часу і Данія перайшла на ўжыванне назвы Belarus.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?