Аляксандр Рыгоравіч слухае даклад пра хакей, па рэйках тыр-тыр-тыр да нас едзе «Залаты Грамафон», а Батвінёнак і Сардараў у чатыры рукі зваялі макет помніка Быкаву. Што страшней за ўсё, бо грамафон з’едзе, а помнік застанецца.

Фото газеты «Звязда»

Фото газеты «Звязда»

Кажуць, у іх узнікла жаданне ашчаслівіць нас помнікам яшчэ ў 1982 годзе, але перашкаджаў, як я разумею, толькі той нязручны факт, што Быкаў быў яшчэ жывым. Уся краіна тады працягвала ляпіць зорачкі. Убачыў палац — збіў ляпніну, і зорачку на палац. Убачыў акцябронка — зорачку на акцябронка. І вось Быкаў на вочы трапіў.

Ведаеце, я ў дзяцінстве з усіх падручных матэрыялаў ляпіў мядзведзікаў. І калі, дарагія аўтары, вас не стане, а я застануся — я вам пастаўлю помнік у выглядзе двух мядзведзікаў. І скажу, што задумаў гэты помнік яшчэ ў 2015, дай бог вам здароўя. А яшчэ скажу, што як у вас у галаве ні храна акрамя зорак, так і ў мяне нічога акрамя мядзведзікаў. І будуць вам мядзведзі, незалежна ад таго, любіце вы іх самі, ці не.

У мяне адно пытанне засталося. Гэта выпадковасць, што ваш помнік першай анансавала газета «Звязда»? Ці вы вырашылі што гештальт без гэтага будзе незавершаным?

Ну ды няхай.

Ёсць пара практычных заўваг. Вось вы кажаце, што «Кожная з яе (зоркі) граняў сімвалізуе раскрытую кнігу, унутры якой будуць напісаны цытаты з твораў пісьменніка». Гэта вельмі сімвалічна, але поўны збор твораў Быкава займае 14 тамоў. Я разумею, што вы мысліце зоркамі і без іх ніяк, а 14-канцовай няма. Ну давайце паставім хаця б шасціканцовую? Шэсць жа болей, чым 5?

А яшчэ. Ці нельга зваяць такога Быкава, які глядзіць куды-небудзь не ў стол? Я разумею, што творчая задума: «Быкаў змагаецца з ікотай і просіць узяць яшчэ 0,7» тлумачыцца адвечным «я так бачу». Але ўсё ж.

І чаму ў вас Быкаў апрануты, як сантэхнік з ЖЭКа? Ці нельга нам нашага нацыянальнага пісьменніка апрануць па-людску, так, нібыта ён памёр у РБ, а не ў БССР і не ад таго, што ўбачыў ваш макет у 82-м? Можа быць, хай ён будзе ў кашулі і з гальштукам і хай гальштук будзе завязаны не як у спадара Сардарава.

І самае апошняе. У мяне ёсць да вас прапанова. Калі нельга прыбраць зорку ад Быкава, то можа вы прымеце Быкава ад зоркі? І я з радасцю ад завершанага гэштальту прачытаю ў «Звяздзе», што два геніі, два Мастакі зваялі ў сябе ў майстэрні макет гранітнай зоркі, пра што марылі аж з 1982 года. Прачытаю і скажу: ну і хрэн з ім.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0