Еўрасаюз асуджае вынясенне чарговага смяротнага прыгавору ў Беларусі. Адпаведную заяву зрабіла прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Мая Качыянчыч.

20 лістапада Гродзенскі абласны суд прыгаварыў 28-гадовага Івана Куляша да смяротнай кары. Ён прызнаны вінаватым у забойстве трох прадаўшчыц у Лідскім раёне, а таксама ў крадзяжы і разбоі. Паводле версіі следства, у верасні 2013 года Кулеш забіў дзвюх прадаўшчыц у Лідзе і выкраў з магазіна грошы і тавары на суму большую за 37 млн. рублёў. У лістападзе 2014 года, паводле звестак следства, падсудны забіў яшчэ аднаго прадаўца ў Лідскім раёне — нанёс жанчыне больш як 10 удараў сякерай і выкраў з магазіна грошы і тавары. Апрача таго, Кулеш прызнаны вінаватым у замаху на забойства сына прадаўшчыцы, які застаў яго ў магазіне. 

«Еўрапейскі саюз спадзяецца, што права сп. Куляша на абскарджанне прыгавору будзе поўнасцю гарантаванае. Сп. Кулеш быў асуджаны за сур'ёзныя злачынствы, і мы выказваем нашы найглыбейшыя спачуванні сем'ям і сябрам ахвяраў гэтых злачынстваў. Тым не менш Еўрапейскі саюз выступае супраць смяротнай кары ва ўсіх выпадках, паколькі яна не можа быць апраўданая ні пры якіх акалічнасцях», — гаворыцца ў заяве прэс-сакратара. 

У Еўрапейскай службе знешніх дзеянняў падкрэсліваюць, што смяротная кара з'яўляецца жорсткім і бесчалавечным пакараннем, «якое не дзейнічае ў якасці стрымліваючага фактара і ўяўляе сабой непрымальнае адмаўленне чалавечай годнасці і недатыкальнасці».

«Еўрапейскі саюз заклікае Беларусь, адзіную краіну ў Еўропе, якая дагэтуль прымяняе смяротную кару, далучыцца да глабальнага мараторыя на смяротную кару ў якасці першага кроку да яе адмены», — сказана ў заяве.

Раней са шкадаваннем аб вынясенні ў нашай краіне чарговага смяротнага прыгавору выступіў Савет Еўропы.

Смяротны прыгавор у дачыненні да Івана Куляша — ужо другі ў 2015 годзе.

18 сакавіка Гомельскі абласны суд прыгаварыў жыхара Рэчыцы Сяргея Іванова да вышэйшай меры пакарання. Малады чалавек прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве дзяўчыны. Вярхоўны суд пры абскарджанні пакінуў прыгавор у сіле. Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе дагэтуль прымяняецца смяротная кара. З пачатку 1990 года да вышэйшай меры былі прыгавораны больш як 400 асуджаных.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?