Упраўленне па справах культуры Белдзяржуніверсітэта адмяніла паказы спектакля Эльдара Бякірава «Браніслаў. Сцэны з жыцця і сноў» пра выбітнага беларускага вучонага і грамадскага дзеяча Браніслава Тарашкевіча, паведамляе партал artsiadziba.by.

П'еса пра Браніслава Тарашкевіча, які шырока вядомы як рэфарматар беларускай мовы, была напісана Бякіравым яшчэ ў 2012 годзе. Сёлета рэжысёр пры падтрымцы культурнага агенцтва «Арт Сядзіба» і Асамблеі недзяржаўных дэмакратычных арганізацый сабраў групу акцёраў-аматараў, якія ўзяліся ўвасобіць у жыццё яго твор.

Прэм'ера спектакля адбылася 14 лістапада на сцэне студэнцкага тэатра БДУ «На балконе», паказ паўтарыўся 16 лістапада. У хуткім часе калектыву стала вядома, што спектаклі, запланаваныя на 18, 20 і 23 лістапада, адмененыя. Супрацоўнікі ўпраўлення па справах культуры БДУ вывесілі адпаведную аб'яву на дзвярах памяшкання, адведзенага для тэатра «На балконе».

«Нам не назвалі канкрэтную прычыну забароны спектакля. Дакладна магу сказаць, што ў пастаноўцы мы нікога не крыўдзім і не зневажаем», — прыводзіць artsiadziba.by словы Эльдара Бякірава.

Зараз творчы калектыў знаходзіцца ў пошуках новай сцэны для паказу гэтага спектакля. «Для нас гэта вельмі важная праца, сакральная і для мяне, і для маіх акцёраў, я ведаю. Шкада, што лёс спектакля склаўся такім чынам. Але спектакль пра Браніслава, і таму ён вытрымае ўсе правакацыі і выпрабаванні. Нягледзячы на той жах, які здарыўся са спектаклем у сценах БДУ, мы б вельмі хацелі, каб нашы наступныя паказы былі паспяховыя», — сказаў рэжысёр. 

Аляксей Сапрыкін, які выконвае ролю Тарашкевіча, у сваю чаргу заявіў, што «аддаў тэатру «На балконе» больш як шэсць гадоў, браў удзел у шматлікіх спектаклях і дапамагаў у арганізацыі фестывалю «Тэатральны куфар», а зараз яго «проста выганяюць як непатрэбны і адпрацаваны матэрыял».

«Магу з дакладнасцю сказаць, што адміністрацыя ўпраўлення па справах культуры БДУ зараз не зацікаўлена ў развіцці тэатральнага кірунку ва ўніверсітэце. І гэта не ідзе на карысць ні студэнтам, ні адміністрацыі, ні акцёрам», — падкрэсліў ён.

Упраўленне па справах культуры БДУ на тэлефонныя званкі не адказвае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?