З улікам выплат па дзяржаўным доўгу праект рэспубліканскага бюджэту на 2016 год сфарміраваны з прафіцытам у 17,2 трлн. рублёў. Мяркуецца, што даходы рэспубліканскага бюджэту ў наступным годзе складуць 180,6 трлн. рублёў, расходы — 163,4 трлн. рублёў.

Асноўныя параметры праекта бюджэту на наступны год прыводзяцца ў матэрыяле галоўнага ўпраўлення бюджэтнай палітыкі Міністэрства фінансаў, апублікаваным у апошнім нумары ведамаснага выдання «Финансы, учет, аудит». 

Забяспечыць прафіцыт рэспубліканскага бюджэту плануецца за кошт залічэння ў казну вывазных мытных пошлін на нафтапрадукты. Такія пошліны, згодна з ацэнкай Мінфіна, у наступным годзе могуць скласці 20 трлн. рублёў. 

Паступленні ад вывазных пошлін у поўным памеры, згодна з інфармацыяй Мінфіна, будуць накіраваныя на пагашэнне валютнага дзяржаўнага доўгу. 

«У 2016 годзе неабходна выплаціць па даўгавых абавязацельствах урада ў замежнай валюце 3,3 млрд. долараў. З іх пагашэнне доўгу складзе 2,3 млрд. долараў, у тым ліку ўнутранага — 1,3 млрд. долараў, знешняга — 1,0 млрд. долараў», — канстатуюць спецыялісты галоўнага ўпраўлення бюджэтнай палітыкі.

Паводле звестак Мінфіна, плацяжы па пагашэнні валютнага дзярждоўгу будуць ажыццёўленыя за кошт як недаўгавых крыніц (паступленняў ад вывазных пошлін на нафтапрадукты), так і сродкаў прыцягнутых дзяржаўных пазык.

Нагадаем, Беларусь вядзе перамовы з Міжнародным валютным фондам і Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця аб прыцягненні новых крэдытаў на агульную суму да 6 млрд. долараў. Акрамя гэтага, беларускі ўрад абмяркоўвае з расійскімі банкамі магчымасць размяшчэння новага выпуску аблігацый.

Рашэнне аб выдзяленні Беларусі новых пазык Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця плануе разгледзець у снежні. Перамовы па крэдыце МВФ працягваюцца, тэрміны размяшчэння новага выпуску еўрааблігацый Беларусі пакуль невядомыя. Раней краіна планавала размясціць новы выпуск даўгавых папер у 2015 годзе, аднак потым перанесла гэтыя планы на няпэўны тэрмін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?