Міністэрства фінансаў ЗША ўвяло санкцыі ў дачыненні да чатырох фізічных асоб і шасці кампаній за падтрымку рэжыму Башара Асада і дапамогу ў ажыццяўленні нафтавых здзелак паміж сірыйскім урадам і групоўкай «Ісламская дзяржава».

У санкцыйны спіс трапілі, у прыватнасці, расійскі банк «Рускі фінансавы альянс», старшыня яго рады дырэктараў Мудалал Хуры і прэзідэнт міжнароднай шахматнай федэрацыі ФІДЭ Кірсан Ілюмжынаў, які валодае пакетам акцый банка.

Санкцыі азначаюць замарожванне іх актываў.

Як лічыць мінфін ЗША, у схеме па куплі сірыйскім рэжымам нафты ў ІД было шэсць удзельнікаў — фізічных і юрыдычных асоб. Апроч іх, у санкцыйны спіс трапілі яшчэ чатыры асобы, якія аказваюць падтрымку рэжыму Башара Асада.

У амерыканскае казначэйства заяўляе, што «Злучаныя Штаты працягнуць адсочваць фінансы тых, хто дапамагае Асаду чыніць гвалт у дачыненні да сірыйскага народа».

Мудалал Хуры — грамадзянін Расіі сірыйскага паходжання. У 1983 годзе ён скончыў Маскоўскі універсітэт дружбы народаў. Як адзначаецца ў санкцыйным спісе, Хуры быў звязаны з шэрагам сірыйскіх і расійскіх кампаній, на якіх таксама былі накладзеныя санкцыі.

Кірсан Ілюмжынаў стаў акцыянерам банка «Рускі фінансавы альянс» у 2013 годзе. Паводое дадзеных сістэмы «СПАРК», на момант напісання артыкула ён валодаў 19,03% акцый банка.

Згодна з дакументам мінфіна ЗША, «Рускі фінансавы альянс» ажыццяўляў фінансавыя здзелкі з уладамі Сірыі.

Таксама ў спіс патрапіў сірыйскі бізнэсмэн Джордж Хасвані, які, згодна з інфармацыяй амерыканскага казначэйства, «служыў пасярэднікам у здзелках па куплі нафты сірыйскім рэжымам». Прадаўцом у гэтых здзелках выступала групоўка «Ісламская дзяржава», лічаць у ведамстве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?