У Баранавічах апошнімі днямі ўчыненыя тры крадзяжы грошай у пенсіянераў пад выглядам праверкі газавага абсталявання.

Як паведаміла старшы інспектар групы інфармацыі і грамадскіх сувязяў Баранавіцкага ГАУС Вольга Сакута, 20 лістапада з кватэры 83-гадовага мужчыны падчас «праверкі» газавага абсталявання жанчынай, якая назвалася работнікам газавай службы, было выкрадзена прыблізна 15 млн. рублёў.

Дваццаць трэцяга лістапада аналагічным чынам у 91-гадовай жыхаркі горада было выкрадзена 1,2 млн. рублёў.

Дваццаць пятага лістапада ў міліцыю звярнулася 78-гадовая пенсіянерка. Паводле яе слоў, у гэты дзень невядомая пад маркай праверкі газавага абсталявання пранікла да яе ў кватэру і выкрала 5 млн. рублёў.

Па ўсіх гэтых фактах распачатыя справы на падставе ч. 1 арт. 205 КК (крадзеж). Вядзецца пошук злачынцы. Паводле слоў пацярпелых, яна маленькага росту, сярэдняга целаскладу. Адна з пенсіянерак сказала, што жанчыне на выгляд 30—35 гадоў.

Як адзначыла Сакута, супрацоўнікі крымінальнага вышуку не выключаюць, што крадзяжы ўчыняюць дзве жанчыны. Пакуль адна адцягвае ўвагу пенсіянераў, ствараючы бачнасць праверкі газавага абсталявання, другая пранікае ў кватэру і выкрадае грошы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?