Міністэрства гандлю выступае за абмежаванне рэкламы ў паштовых скрынках, паведаміла сёння на прэс-канферэнцыі намеснік міністра гандлю Ірына Наркевіч.

Паводле слоў Ірыны Наркевіч, у Міністэрства гандлю паступае дастаткова шмат скаргаў на рэкламу ў паштовых скрынках і прапаноў забараніць распаўсюджванне такіх лістовак у жылых дамах. Людзі таксама выказваюць нездаволенасць наконт таго, што друкаваная прадукцыя часта раскідана ў пад'ездзе і такое смецце ніхто не прыбірае.

«Разам з тым гэта пытанне аб забароне неадназначнае, паколькі частка людзей згодна атрымліваць рэкламу. Напрыклад, яны хочуць азнаёміцца са скідкамі ў бліжэйшай краме. Чаму ім гэта забараняць? Пры ўвядзенні нейкай абмежавальнай нормы трэба ўлічваць перш за ўсё меркаванне грамадзян», — адзначыла намеснік міністра.

Раней Міністэрства гандлю прапаноўвала браць пісьмовы дазвол у грамадзян на дастаўку ім такіх лістовак, але гэта ініцыятыва не знайшла падтрымкі. Цяпер міністэрства сумесна з іншымі дзяржорганамі прапрацоўвае іншыя варыянты. Напрыклад, паштовыя скрынкі жыльцоў, якія не хочуць атрымліваць рэкламу, прапануецца абазначыць спецыяльнымі наклейкамі. Спачатку эксперымент па абмежаванні рэкламы плануецца правесці ў некаторых дамах Мінска са згоды жыльцоў.

«Цяпер праціўнікі такіх лістовак могуць звярнуцца ў суд і разбірацца з кампаніяй, якая такім чынам рэкламуе свае паслугі, але гэта, зразумела, не выйсце. Таму трэба прыняць збалансаванае рашэнне, якое будзе ўлічваць інтарэсы як тых, хто хоча атрымліваць рэкламу, так і яе праціўнікаў», — падкрэсліла Ірына Наркевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0