Улады Бельгіі знізілі ўзровень тэрарыстычнай пагрозы з вышэйшай чацвёртага да больш умеранага трэцяга, паведамляюць СМІ краіны.
Горад быў блакаваны амаль тыдзень, на працягу якога не працавалі школы, універсітэты і метрапалітэн, а вуліцы патрулявалі вайскоўцы.
Павышэнне ўзроўню тэрарыстычнай небяспекі да чацвёртага было выклікана тым, што падазраваныя ў арганізацыі некалькіх крывавых нападаў у Парыжы былі звязаныя з Бруселем.
Па меншай меры адзін з падазраваных ва ўдзеле ў расстрэле мірных людзей у Парыжы, Салах Абдэльсалам, застаецца пакуль на волі. Паведамляецца, што ён жыў у Бруселі некалькі гадоў.
Цяпер узровень пагрозы ў сталіцы такі ж, як і ў іншых частках Бельгіі.
У чацвер пажарныя і спецыялісты па дэзактывацыі праверылі буйную мячэць у Бруселі, пасля таго, як там быў знойдзены падазроны парашок. Рэчыва аказалася мукой, а не спорамі сібірскай язвы, як асцерагаліся першапачаткова.
Паліцыя правяла серыю рэйдаў і ператрусаў у розных частках Бельгіі за апошнія два тыдні. Пяцярым асобам прад'яўленыя абвінавачванні ў правапарушэннях, звязаных з тэрарыстычнай дзейнасцю.
Чарговы рэйд меў месца ў Самбервілі, мястэчку ў 80 кіламетрах на поўдзень ад Бруселя. Пра затрыманні падчас рэйду не паведамляецца.